Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Выклала ў Instagram фота пратакола — выклікалі ў міліцыю і сказалі папрасіць прабачэння ва ўсіх членаў камісіі

Ілюстрацыйнае фота "Белапан"
Ілюстрацыйнае фота "Белапан"

Кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" паведамілі пра інцыдэнт з выбарчага ўчастка №5, які размяшчаўся ў аграгарадку Старыца Капыльскага раёна Мінскай вобласці. Мясцовая жыхарка Насця выклала ў Instagram фота выніковага пратаколу з участка з подпісам " Хтосьці верыць у гэтыя лічбы? Грош цана той камісіі, хто гэта ўсё лічыў!» З-за гэтага яе выклікалі ў міліцыю, дзе запатрабавалі папрасіць прабачэння перад усімі членамі камісіі.

Як распавядаюць мясцовыя жыхары, Насця засумнявалася ў сумленнасці падліку галасоў і, абурыўшыся, зрабіла адпаведны пост у Instagram. Адразу ж з яе маці, настаўніцай мясцовай школы, звязаўся старшыня выбарчай камісіі, былы дырэктар гэтай школы, а цяпер чыноўнік Капыльскага раёна Міхаіл Спадарац. Як распавяла дзяўчына, ён у грубай форме запатрабаваў выдаліць гэты пост пад пагрозай дрэнных наступстваў для яе. 

На наступны дзень дзяўчыну выклікалі ў Капыльскі РАУС, дзе яе адчыталі і пазначылі на недапушчальнасць таго, што яна зрабіла. Таксама супрацоўнік міліцыі сказаў ёй, каб яна патэлефанавала кожнаму сябру выбарчай камісіі, хто ставіў подпісы пад гэтым пратаколам, і выбачылася.

Мясцовая жыхарка, настаўніца абураецца такімі паводзінамі супрацоўнікаў міліцыі і чыноўніка Спадарца:

"Пытанне: за што прасіць прабачэння? Дзяўчына нікога не абразіла у сваім пасце ў instagram. Яна проста выказала сваё ацэначнае меркаваньне наконт убачаных вынікаў у пратаколе, мае на гэта права. Што гэта за прыніжэнне з выбачэннямі? Што гэта за ціск з боку старшыні камісіі? Што ён сабе дазваляе? 

Перад наведваннем Капыльскага РАУС Насця прабегла па невялікай частцы нашай вёскі і паспела сабраць подпісы 21 чалавека, хто галасаваў за Святлану Ціханоўскую. А ў наш выбарчы ўчастак уваходзяць яшчэ 6 вёсак, і яна ўпэўненая, што ў кожнай з іх былі выбаршчыкі, хто галасаваў за Ціханоўскую. Лічба "18" за Ціханоўскую ў пратаколе — гэта насмешка над жыхарамі нашага выбарчага ўчастка, роўна як і лічба "701" за Лукашэнку! Больш за тое, хоць вусна пацвярджаюць свой голас, многія людзі баяцца падпісвацца, што яны галасавалі за Ціханоўскую, таму што працуюць у калгасе, як сказала Насця.

Я падзяляю з Насцяй меркаванне аб сфальсіфікаваным падліку на нашым выбарчым участку, як і многія жыхары нашай вёскі, каму быў паказаны гэты пратакол з лічбамі за кандыдатаў і з датэрміновага галасавання".

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары