Вялікабрытанія не прызнае вынікі прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі
Міністр замежных спраў Вялікабрытаніі Дамінік Рааб заявіў, што Вялікабрытанія не прызнае вынікі прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі.
"Свет з жахам назіраў за гвалтам, які ўжываўся беларускімі ўладамі для падаўлення мірных акцый пратэсту, што рушылі ўслед за гэтымі сфальсіфікаванымі прэзідэнцкімі выбарамі.
Вялікабрытанія не прызнае вынікі выбараў. Нам тэрмінова неабходна правесці праз АБСЕ незалежнае расследаванне парушэнняў, з-за якіх выбары былі несумленнымі, а таксама гнюсных рэпрэсій, што пачаліся за імі.
Вялікабрытанія будзе сумесна з нашымі міжнароднымі партнёрамі дамагацца ўвядзення санкцый у дачыненні да вінаватых і прыцягваць да адказнасці беларускія ўлады", - адзначыў міністр.
Нагадаем, выбары прэзідэнта прайшлі 9 жніўня. Па афіцыйных дадзеных, Лукашэнка набраў 80% галасоў, Святлана Ціханоўская - 10,1%.
Еўразвяз заявіў, што выбары ў Беларусі не былі ні свабоднымі, ні справядлівымі.