Трэці выніковы пратакол і "ракіроўка" прозвішчаў кандыдатаў. Як фальсіфікавалі выбары прэзідэнта
Назіральніца кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Ірына Траццякова распавяла, як праходзілі фальсіфікацыі на выбарах прэзідэнта, а сябры камісій не падпісвалі выніковыя пратаколы.
Назіральніцы стала вядома, яшчэ за некалькі дзён да датэрміновага галасавання ўсім участковым выбарчым камісіям былі дадзеныя ўказанні рабіць ўкіды ў скрыні і прыпіскі да яўкі выбаршчыкаў у перыяд з 4 па 8 жніўня. Пры гэтым самі камісіі павінны былі вырашаць, калі менавіта здзяйсняць фальсіфікацыі. Было толькі ўказанне, што нельга рабіць у адзін дзень і ўкід, і завышэнне яўкі.
Таксама была інфармацыя аб тым, што кожнай камісіі раздалі трэці выніковы пратакол – чысты бланк, на які сябры камісій павінны былі паставіць свае подпісы на выпадак, калі нешта раптам пойдзе не так.
Ірына Траццякова адзначае, што ў асноўны дзень галасавання падлік быў чыстым: фактычная колькасць галасоў, якое было вынята са скрынь, было падлічана карэктна, з той толькі розніцай, што прозвішчы двух кандыдатаў памянялі месцамі.
Назіральніца прыехала ў 21.00 у тэрытарыяльную камісію – Першамайскую раённую г. Віцебска. У гэты момант дакументы здавала трэцяя камісія – са спецучастка (бальніца).
"У Першамайскім раёне – 71 выбарчая камісія, тры спецучасткі здаліся, астатнія ішлі з перапынкам больш-менш натуральным. Інтэрнэт адсутнічаў ва ўсіх. У будынку адміністрацыі раёна было ўсё кіраўніцтва ў зборы. Кіраўнік адміністрацыі быў да 5 раніцы, былі супрацоўнікі УУС, узмацнення не было, "касманаўты" бегалі звонку, стаялі машыны ДАІ, ППС хадзілі вакол будынка. Увогуле, загадзя падрыхтаваліся да якаснай аховы будынка", – распавяла Ірына Траццякова.
Калі яна прыйшла ў камісію, там прысутнічалі тры "праўладныя" назіральнікі, пазней прыйшоў яшчэ адзін. Пакуль яны былі ў памяшканні – нічога цікавага не адбывалася, пакуль не здарыўся "калапс".
"У пэўны момант камісіі перасталі здавацца. Дзесьці каля гадзіны ночы адбылася працяглая паўза, і ў гэты час сышло два "стомленых назіральнікі". Мы засталіся ўтрох і, мабыць, мяне прынялі за "сваю", таму што пачалі гучаць фразы ад членаў УВК пра трэці пратакол. Была трохі няёмкая сітуацыя, але я сказала старшыні ТВК, што мне даўно пра гэта вядома, і таму можна так нервова не рэагаваць на калегаў ніжэйстаячых камісій", – апісвае падзеі дня выбараў назіральніца.
Каля 2.30 ночы ўсе назіральнікі сышлі, Ірына Траццякова засталася адна.
"Са старшынёй ТВК мы даўно знаёмыя – яна дырэктарка школы, дзе вучыцца маё дзіця, і я досыць спакойна сябе адчувала. Магчыма таму ўсе члены УВК, якія пазней заходзілі, думалі, што я адна з "сваіх". А старшыня не магла папярэдзіць, што я незалежная назіральніца, і размовы ішлі ў сяброўскай абстаноўцы. Прыходзячыя пацвярджалі і чыстыя пратаколы, і замену прозвішчаў кандыдатаў. Я задавала пытанні, яны на іх адказвалі, пакуль старшыня ТВК не давала ім знак, што адказваць не трэба", – адзначае Ірына Траццякова.
Дзесьці з 3.10 гадзінаў камісіі ў ТВК перасталі прыязджаць, да гэтага моманту здаліся 48 з 71 УВК. Ірына Траццякова намякала прысутным, што магчыма астатнія камісіі не едуць, таму што іх заблакавалі ў школах.
"З 3.30 да 4.30 не было нікога. І я гэта звязваю з тым, што сябры камісіі не падпісвалі выніковыя пратаколы. Пад раніцу з намі [назіральнікамі кампаніі - заўв.] сталі звязвацца члены камісій, якія пратаколы не падпісалі альбо падпісалі пад моцным ціскам, і мы зразумелі, што камісіі не даехалі па прычыне, што ламаюць іх членаў на подпіс. Некаторыя пратаколы былі здадзены без подпісаў".
У назіральніка кампаніі Паўла Левінава Чыгуначная раённая камісія здала пратакол без подпісу старшыні, якая проста не з'явілася на пасяджэнне раніцай 10 жніўня.
12 жніўня Ірына Траццякова і Павел Левінаў збіраюцца прысутнічаць на паседжанні Віцебскай абласной выбарчай камісіі і даведацца, як выніковыя пратаколы былі прынятыя, калі на іх адсутнічалі подпісы членаў камісій.