На выбарчых участках Мінска сканчваюцца бюлетэні
Як распавяла назіральніца кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Анастасія Зайкоўская, на ўчастку №1 Кастрычніцкага раёна Мінска па стане на 14:30 ужо яўка была амаль стоадсоткавая, але пры гэтым людзі працягвалі ісці.
“На датэрміновым прагаласавала па пратаколу прагаласавала 835 чалавек. Па нашых падліках — у разы менш. Усяго на ўчастку 1498 выбаршчыкаў. За сёння да 14:30, да таго моманту як мяне з-за ілжэсведчання праўладных назіральнікаў выгналі з участка, прагаласавала 640 чалавек. Арыфметыка:1498 - 835 - 640 = 23. Гэта значыць 23 чалавекі павінна прыйсці з 14:30 да 20, каб яўка на ўчастку была стоадсоткавай. Пры гэтым, на ўчастак пастаянна ідуць людзі і іх колькасць павялічваецца да вечара.
Ёсць фота, ёсць мае лісты падліку яўкі, ёсць камеры ў школе. Але старшыня лічыць сябе вышэй за ўсё і ўпэўнены, што яму нічога не будзе. Проста пасмяяўся мне ў твар. А пазбавіўшы акрэдытацыі не па законе яшчэ і сказаў: "Можаце падаваць апеляцыі, скаргі, што заўгодна. Але праз чатыры гадзіны камісія расфармоўваецца і вам ніхто не адкажа. І акрэдытавацца вы, відавочна, ужо не паспееце, а вашыя падлікі звонку нікога не цікавяць”, — распавяла пра інцындэнт назіральніца кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары”.
Па інфармацыі tut.by такая ж сітуацыя склалася і на ўчастках № 21 і № 22 у сталічнай гімназіі № 43 на вуліцы Казіміраўскай. Яўка перавысіла ўжо 100 працэнтаў па стане на 17:30.
Як піша "Радыё Свабода", на 42-м участку Першамайскага раёну на 40 хвілін спынялася галасаванне. Прычына — не хапіла бюлетэняў.