Брэст: назіральнік Сахарук кінуў пад ногі старшыні выбаркама свае медалі
У Брэсце незалежны назіральнік, ветэран-афганец, узнагароджаны медалём "За адвагу", Аляксандр Сахарук кінуў пад ногі старшыні участковай выбарчай камісіі Ніне Калядзе свае юбілейныя медалі. Гэта адбылося на ўчастку №78 у сярэдняй школе №14. Медалямі Сахарук быў узнагароджаны ў адпаведнасці з указам Аляксандра Лукашэнкі.
Свой учынак ветэран-афганец патлумачыў як знак пратэсту супраць таго, што яму не дазвалялі раней і сёння не дазволілі назіраць за выбарамі.
"Не дапусцілі да назірання за выбарамі, як ні прасіў, у іх свае "кішэнныя" назіральнікі з настаўнікаў, былых і цяперашніх. Я тут на прыступках правёў тры дні. Маю дзяржаўную ўзнагароду, прасіў прэферэнцый, каб мяне не выправадзілі. Я маю ўсё ж такі маральнае права, я зарабіў яго. Звярнуўся да Ніны Каляды. На што яна адказала: пакіньце памяшканне", — перадае словы Сахарука Радыё "Рацыя".
Паводле Сахарука, пасля гэтага ўчынку яго пазбавілі акрэдытацыі назіральніка. Цяпер мужчына дзяжурыць на вуліцы і запісвае тых, хто прагаласаваў.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары".