У Гародні зафіксавалі рэкордную яўку на датэрміновае галасаванне
Гарадзенскія назіральнікі кампаніі "Правабаронцы за свабодныя выбары", нягледзячы на ўсе перашкоды ў назіранні, якія стваралі ім участковыя камісіі, усё ж імкнуліся лічыць колькасць людзей, якія прыйшлі галасаваць датэрмінова.
Так, на 115-ым выбарчым участку Кастрычніцкага раёну агульная лічба прагаласаваўшых за папярэдняе галасаванне ў пратаколе - 772. Па днях колькасць цэлы час нарастала: 74, 82, 189, 211, 216.
Лічба прагаласаваўшых у пратаколе істотна не супала з лічбай, якую незалежныя назіральнікі лічылі праз вокны школы, знаходзячыся на вуліцы. Гэтыя лічбы не сышліся ні ў адзін дзень. Розніца такая: 4.08 - 24/74. 5.08 - 54/82. 6.08 - назіральнікаў выгналі за тэрыторыю і яны фізічна не маглі лічыць, 7.08 - 100/211. 8.08 - 82/216. Усюды першая лічба - тое, што налічылі назіральнікі, а другая лічба - звесткі ў афіцыйным пратаколе.
Але ўсе ранейшыя рэкорды па колькасці "прагаласаваўшых" датэрмінова пабіла ўчастковая камісія №66. Згодна з выніковым пратаколам, датэрмінова прагаласавала ажно 53,52% выбарцаў, якія ўнесены ў спісы.
Усяго камісія атрымала 2100 бюлетэняў - за 5 дзён нібыта прагаласавала 1124 (!) выбарцы.
Участковая камісія №66 размешчана СШ№15 Кастрычніцкага раёну Гародні. Старшыня гэтай камісіі - дырэктарка школы Віта Мішкель.
На гэтым участку рэгістраваліся два назіральнікі ад кампаніі "Правабаронцы за свабодныя выбары". Аднак гэтых назіральнікаў не ўключылі ў графік назірання, і назіраць яны фактычна не маглі.