Аналітычная справаздача па выніках назірання за датэрміновым галасаваннем
Назіранне за выбарамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ажыццяўляецца РПГА “Беларускі Хельсінкскі камітэт” і ПЦ “Вясна” ў рамках кампаніі“Праваабаронцы за свабодныя выбары”.
Высновы
- Уведзеныя пастановай ЦВК абмежаванні па колькасці назіральнікаў на ўчастках падчас правядзення датэрміновага галасавання зрабіла гэты этап выбарчай кампаніі цалкам непразрыстым для незалежнага грамадскага назірання. Дадзеныя абмежаванні мелі на мэце спыненне незалежнага назірання за гэтым этапам выбараў, а не дэклараванымі медыцынскімі мерамі бяспекі ў сувязі з эпідэміяй каранавірусу;
- з 798-мі назіральнікаў кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары”, акрэдытаваных на выбарчых участках у перыяд датэрміновага галасавання, толькі 93 (11,6 % ад акрэдытаваных) мелі магчымасць назіраць на выбарчых участках пэўны адрэзак часу, які не ахопліваў увесь перыяд галасавання. Толькі адзін прадстаўнік кампаніі меў магчымасць назіраць на працягу ўсіх пяці дзён датэрміновага галасавання;
- 62% ад усіх акрэдытаваных ва УВК назіральнікаў былі прадстаўленыя найбуйнешымі праўладнымі грамадскімі арганізацыямі, якія традыцыйна маюць большасць у складзе УВК (БРСМ, “Белая Русь”, Саюз жанчын, Саюз ветэранаў, прафсаюўзы, што ўваходзяць у ФПБ, Беларускі фонд міра);
- з першых дзён датэрміновага галасавання назіральнікі ад розных грамадскіх ініцыятыў сутыкаліся з перашкодамі ў сваёй дзейнасці з боку сябраў УВК і міліцыі: выдаленнямі з выбарчых участкаў, пазбаўленнямі акрэдытацыі, затрыманнем. Па дадзеных праваабаронцаў на працягу пяці дзён датэрміновага галасавання 86 назіральнікаў было затрымана, з іх 6 назіральнікаў кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары”, 18 назіральнікаў кампаніі былі пазбаўленыя акрэдытацыі;
- назіральнікамі кампаніі фіксаваліся выпадкі арганізаванага, прымусовага ўдзелу ў датэрміновым галасаванні некаторых катэгорый выбарўчыкаў (ваенаслужачыя тэрміновай службы, працоўныя дзяржпрадпрыемстваў, жыхары інтэрнатаў), а таксама факты завышэння яўкі выбарчымі камісіямі;
- усяго ў датэрміновым галасаванні на выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь прыняло ўдзел 41,7% выбаршчыкаў, што з’яўляецца найбольшай колькасцю за папярэднія прэзідэнцкія кампаніі 2001, 2006 і 2010 гг. Такім чынам датэрміновае галасаванне стала нормай, а не выключэннем, як гэта прадугледжана нормамі Выбарчага кодэкса;
- практыка правядзення датэрміновага галасавання застаецца адной з сістэмных праблемаў выбарчага працэсу і стварае шырокія магчымасці для выкарыстання адміністрацыйнага рэсурсу і іншых маніпуляцый. У сувязі з гэтым рэкамендацыі БДІПЧ АБСЕ ў частцы зменаў працэдур датэрміновага галасавання застаюцца актуальнымі.
Files
- daterminivae-galasavanne-bel-1.pdf (0.72 Mb)