Чарга на прысутнасць на ўчастку да незалежнага назіральніка не дайшла
Цэнтральная раённая выбарчая камісія Гомеля адказала на скаргу назіральніка кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Віктара Адзіночанка аб нядопуску яго на выбарчы ўчастак.
Нагадаем, назіральнік скардзіўся на тое, што УВК № 20 Цэнтральнага раёна г. Гомеля не вызначыла для яго час для назірання. Калі Віктар Адзіночанка прышоў у памяшканне для датэрміновага галасавання, там ўжо знаходзіліся члены УВК і тры назіральніка. Старшыня камісіі У.В. Арлоў загадаў мужчыне выйсці, што ён і зрабіў, выказаўшы перад гэтым сваё абурэнне.
"Лічу, што дадзеныя дзеянні парушаюць мае правы як назіральніка. Тлумачэнне, што гэта выклікана складанай эпідэміалагічнай сітуацыяй я лічу надуманным. Бо я быў у масцы. А амаль ўсе члены камісіі і назіральнікі – не", – падкрэсліў Віктар Адзіночанка ў сваёй скарзе.
У адказе тэрытарыяльная выбарчая камісія, спаслаўшыся на пастанову ЦВК №115, указала, што ўчастковай камісіяй №20 быў сладзены графік прысутнасці назіральнікаў у перыяд датэрміновага галасавання, а самі назіральнікі па чарговасці іх акрэдытацыі былі апытаныя пра дату і перыяд ажыццяўлення імі сваіх функцый.
“З улікам гэтага пры складанні графіка на перыяд датэрміновага галасавання тром першым у спісе акрэдытаваным назіральнікам была прадстаўленая магчымасць выбраць дату і перыяд ажыццяўлення назірання, тыя даты і перыяды, што засталіся, прапаноўваліся наступным назіральнікам”, – падкрэсліваецца ў адказе.
Старшыня камісіі В. Дацэнка адзначае, что Віктар Адзіночанка ў журнале акрэдытацыі значыцца пад нумара №12, і старшыня ўчастковай камісіі не можа прапанаваць яму час для назірання, бо ўсё ўжо распісана.
Таксама ў адказе ТВК напісана, што ў той момант, калі незалежны назіральнік быў на ўчастку, сябры камісіі, што прысутнічалі пры апячатванні скрыні для датэрміновага галасавання, пакідалі памяшканне, зняўшы ахоўныя маскі і пальчаткі. Два дзяжурныя сябры камісіі і тры назіральнікі былі ў ахоўных масках і пальчатках.
Віктар Адзіночанка падкрэсліў, што сябры камісіі не пакідалі памяшканне, а сядзелі ў ім, а ў масках і пальчатках ён нікога не бачыў. Нават, калі старшыня камісіі У. Арлоў прымаў накіраванне Віктара Адзіночанкі, то быў без маскі, але ў пальчатках.