Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Назіральніца выявіла на ўчастку дзве неапячатанныя дзверы — яе пазбавілі акрэдытацыі

У Мінску на ўчастку №25 Цэнтральнага раёна назіральнікі выявілі, акрамя асноўнай, яшчэ дзве неапячатаныя дзверы, якія вядуць на ўчастак. Але замест таго, каб разабрацца ў гэтай сітуацыі і вырашыць праблему, участковая камісія пазбавіла назіральніцу кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Кацярыну Клёц акрэдытацыі. 

Як распавядае незалежная назіральніца Кацярына Клёц, увечары 7 жніўня, на чацвёрты дзень датэрміновага галасавання назіральнікі даведаліся, што на ўчастку для галасавання, акрамя асноўнага ўваходу, ёсць яшчэ дзве дзверы: адна злучаная з пакоем міліцыі, іншая — з каморкай. Гэта пацвердзіў і пажарны план памяшкання. Саміх жа назіральнікаў дапусцілі на ўчастак толькі ў момант пламбавання скрыні.

"Перад перапынкам мы зайшлі на ўчастак і пераканаліся, што тыя дзве дзверы ніяк не апячатваюцца. На той момант у нас было пяць назіральнікаў. Мы пачалі запытвацца ў сябраў камісіі, чаму ў іх вядуць іншыя дзверы на ўчастак і яны ніяк не апячатаныя. Старшыня камісіі Наталля Ахрэмчык і сакратар пачалі гаварыць штосьці невыразнае, што ў іх сігналізацыя і ніхто патрапіць на ўчастак не можа. Пры гэтым асноўны ўваход ўчастка таксама не апячатваецца. Адзін з назіральнікаў звярнуў увагу, што пару дзён таму спрацоўвала сігналізацыя ў перапынку і супрацоўнікі не змаглі растлумачыць чаму. Сакратарка спачатку казала, што вецер падзьмуў, потым — што нехта тузануў ручку", — распавядае незалежная назіральніца.

Участак знаходзіцца ў кабінеце №103
Участак знаходзіцца ў кабінеце №103

Назіральнікі спыталі, ці можна адкрыць дзверы, каб праверыць, ці на самой справе гэта так. Па словах назіральніцы Кацярыны, падняўся крык і ў гэты момант дзверы адчыніліся. Сябры камісіі сталі крычаць, што сабе дазваляюць назіральнікі. Назіральніца Ірына Тамашэўская, якая працуе ў гэтым Палацы моладзі дырэктаркай па інавацыйнай дзейнасці сказала незалежнай назіральніцы, што напіша заяву, каб пазбавіць яе акрэдытацыі.

"Абстаноўка была вельмі нервовая, усе назіральнікі казалі пра гэтыя дзверы. Іх так і не апячаталі. Я некалькі разоў выбачылася, што не так зразумела дазвол пра адкрыццё дзвярэй".

Раніцай 8 жніўня незалежнай назіральніцы паведамілі, што яе пазбавілі акрэдытацыі. УВК №25 Цэнтральнага раёна аргументаваў сваё рашэнне тым, што назіральніца нібыта "пранікла ў дапаможнае памяшканне ўчастка". Таксама ў рашэнні ўказваецца, што яна ўмешваецца ў працу камісіі і перашкаджае ходу выбараў.

"Я спытала ў старшыні камісіі, ці праводзілася паседжанне, яна сцвярджае, што нібыта сёння ў 9:30 раніцы [заўвага — рашэнне ж датуецца 7 жніўня]. Але нас, назіральнікаў, у парушэнне артыкула 13 Выбарчага кодэкса аб гэтым не апавясцілі. На маё пытанне, ці магу азнаёміцца з пратаколам паседжання, мне проста адказалі: "Не". Спытала колькі членаў камісіі прысутнічалі на паседжанні, мне сказалі, што есм [Заўвага — ва ўчастковую камісію ўваходзяць 13 чалавек]. Аднак і на мае заўвагі аб тым, на паседжанні павінна прысутнічаць 2/3 камісіі, ніхто не адрэагаваў".

Пасля ўсіх указанняў на парушэнні, Кацярыне Клёц сказалі пакінуць Палац моладзі, інакш назіральніцу выведзе міліцыя. Каля ўчастка назіральнікам таксама забараняецца знаходзіцца.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"


Каментары