Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

На мяжы з Беларуссю расейскія памежнікі затрымалі трох назіральнікаў, якія ехалі ў Менск

Мяжа з Расійскай Федэрацыяй. Фота: Радыё Свабода.
Мяжа з Расійскай Федэрацыяй. Фота: Радыё Свабода.

Сёння каля 7 гадзіны раніцы ў Себежскім раён Пскоўскай вобласьці Расеі былі затрыманыя актывісты апазіцыйнай да расейскіх уладаў арганізацыі «Адкрытая Расея».

Як паведамляе Радыё Свабода, Андрэй Півавараў, Данііл Патапаў і Аляксандр Федасееў ехалі ў Менск назіраць за прэзідэнцкімі выбарамі.

Расейскія памежнікі, якія затрымалі мужчын, нічога не патлумачылі. Усе астатнія пасажыры рэйсавых аўтобусаў, якімі перамяшчаліся актывісты, свабодна перасеклі мяжу,  распавяла Свабодзе старшыня «Адкрытай Расеі» Анастасія Буракова.

«Хлопцы ехалі ў розных аўтобусах. У іх былі ўсе законны падставы ўехаць у Беларусь, усе патрабаванні беларускага боку яны выконвалі. Заяўкі на акрэдытацыю назіральнікамі яны таксама дасылалі ў Беларусь. Хутчэй за ўсё, іх знялі з рэйсу паводле інфармацыі, якую беларускі бок даслаў у Маскву».

Сувязь з Піваваравым, Патапавым і Федасеем знікла амаль адразу, іх месцазнаходжанне некалькі гадзінаў было невядомае. Пазней Федасееў і Патапаў знайшліся ў памежным пункце ў Себежы. На іх складаюць адміністратыўны матэрыял. Пра месцазнаходжанне Андрэя Піваварава пакуль невядома.

«Адкрытая Расея» — грамадзкая арганізацыя, якую заснаваў бізнесовец і апанэнт Уладзімера Пуціна Міхаіл Хадаркоўскі. Сярод мэтаў арганізацыі — будаўніцтва прававой дзяржавы і грамадзянскай супольнасці.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары".


Каментары