Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Прэзідэнцкія выбары ў Беларусі: у ААН адсочваюць сітуацыю з правамі чалавека

У арганізацыі Аб'яднаных нацый няма мандата па назіранні за выбарамі ў Беларусі, аднак у ААН "з заклапочанасцю сочаць за сітуацыяй з пункту гледжання захавання правоў чалавека" напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў, якія запланаваны на 9 жніўня. Пра гэта паведамілі з офіса прэс-сакратара ААН, адказваючы на пытанне журналіста аб пазіцыі сусветнай арганізацыі па сітуацыі ў Беларусі.

У гэтым кантэксце ў ААН нагадалі аб заявах прэс-сакратара ўпраўлення па правах чалавека, а таксама шэрагу незалежных экспертаў ААН. 17 ліпеня прэс-сакратар Упраўлення ААН па правах чалавека Ліз Троссел заклікала ўлады Беларусі неадкладна вызваліць грамадзян, арыштаваных за тое, што яны мірна ажыццяўлялі свае правы на свабоду слова і сходаў. У сувязі з чарговай хваляй масавых арыштаў напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў ва Упраўленнні ААН па правах чалавека нагадалі, што любыя абмежаванні толькі падарвуць давер народу да выбарчага працэсу.

Паводле звестак, атрыманых ААН ад НДА і праваабаронцаў, толькі за два дні, 14 і 15 ліпеня, паліцыя затрымала больш за 300 чалавек, уключаючы супрацоўнікаў СМІ, якія асвятлялі дэманстрацыі пратэсту. Людзі выйшлі на вуліцы Менска і іншых гарадоў Беларусі пасля таго, як выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі двум апазіцыйным кандыдатам у Прэзідэнты. Ва Упраўленні заклікалі ўлады паважаць правы грамадзян на свабоду выказвання меркаванняў, мірныя сходы і асацыяцыі.

"Мы заклікаем вызваліць усіх тых, хто быў затрыманы толькі за тое, што ажыццяўляў свае грамадзянскія правы», - гаворыцца ў заяве ўпраўлення ААН ад 17 ліпеня.

Раней, 10 ліпеня, Спецыяльны дакладчык ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі Анаіс Марэн заклікала міжнародную супольнасць падтрымаць праваабаронцаў, актывістаў і журналістаў Беларусі, якія рэалізуюць напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў сваё права на свабоду слова і на мірныя сходы.

"За апошні год і без таго цяжкае становішча з правамі чалавека яшчэ больш пагоршылася", - заявіла Анаіс Марэн, прадстаўляючы свой штогадовы даклад савету па правах чалавека.

Даклад змяшчае аналіз сітуацыі ў галіне грамадзянскіх, палітычных, культурных і сацыяльна-эканамічных правоў грамадзян за перыяд з 1 красавіка 2019 года па 31 сакавіка 2020 года.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары".


Каментары