“Заклікаем улады Беларусі вызваліць усіх затрыманых па палітычных матывах”
На польскім дзяржаўным партале gov.pl сёння размешчаная сумесная заява міністраў замежных спраў краін “Веймарскага трохвугольніка” перад прэзідэнцкімі выбарамі ў Беларусі
“Мы, міністры замежных спраў Францыі, Германіі і Польшчы, з занепакоенасцю назіраем за развіццём падзей у Беларусі. Напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў мы рашуча выступаем за права беларусаў карыстацца асноўнымі свабодамі, у т.л. выбарчымі правамі, мы таксама падтрымліваем незалежнасць і суверэнітэт Рэспублікі Беларусь”, - гаворыцца ў заяве.
Міністраў замежных спраў Францыі, Германіі і Польшчы непакоіць, што БДІПЧ АБСЕ, ПА АБСЕ і ПАСЕ не мелі магчымасці назіраць за выбарчым працэсам. У сувязі з гэтым яны заклікаюць улады Беларусі правесці прэзідэнцкія выбары свабодна і сумленна, у т.л. даць магчымасць мясцовым назіральнікам незалежна назіраць за выбарамі. Яны адзначылі трывожныя паведамленні аб парушэннях выбарчага працэсу падчас датэрміновага галасавання, якое ўжо адбываецца.
“Беларусь – важны сусед Еўрапейскага саюза і актыўны член Усходняга партнёрства. Наш дыялог на працягу апошніх дзесяці год быў складаны, але перспектыўны. Яго вынікам стала таксама практычнае супрацоўніцтва. Мы верым у магчымасць фарміравання больш трывалых сувязей паміж Беларуссю, яе грамадзянамі і Еўрапейскім саюзам, якія будуць абапірацца на агульныя дэмакратычныя каштоўнасці, у т.л. на выкананне грамадзянскіх свабод і прынцып вяршэнства закона.
Дзякуючы агульным намаганням нам ужо шмат удалося дасягнуць. Мы выказваем занепакоенасць тым, што нашы агульныя дасягненні могуць быць перакрэслены. Мы заклікаем улады Беларусі вызваліць усіх затрыманых па палітычных матывах, устрымацца ад прымянення насілля альбо дзеянняў, якія парушаюць правы чалавека, у т.л. грамадзянскія і палітычныя свабоды, мы таксама заклікаем паважаць волю беларускага народа. Няма іншага шляху да ўмацавання незалежнасці Беларусі – толькі дзякуючы шчыраму і адкрытаму грамадскаму дыялогу”, - адзначаюць міністры замежных спраў краін “Веймарскага трохвугольніка”.