Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Заява Высокага прадстаўніка ЕС Жазэпа Барэля напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў

Жазэп Барэль. Фота: Reuters
Жазэп Барэль. Фота: Reuters

Высокі прадстаўнік ЕС Жазэп Барэль выступіў з заявай напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў, у якой заклікаў беларускія ўлады спыніць рэпрэсіі ў дачыненні да мірных дэманстрантаў і гарантаваць рэалізацыю кандыдатамі палітычных правоў, паведамляецца на сайце Еўрапейскага саюза. 

Падчас выбарчай кампаніі беларускі народ прадэманстраваў беспрэцэдэнтную палітычную мабілізацыю ў абарону свабодных выбараў і дэмакратыі. Мірная мабілізацыя грамадства ўжо сутыкнулася з недапушчальнымі новымі абмежаваннямі свабоды СМІ і сходаў, а таксама з затрыманнямі мірных дэманстрантаў, унутраных назіральнікаў, журналістаў і актывістаў.

Суверэнітэт і незалежнасць краіны магчыма ўмацаваць толькі праз мірныя, свабодныя і справядлівыя выбары. ЕС працягвае заклікаць беларускія ўлады забяспечваць фундаментальныя свабоды выказвання і мірных сходаў у адпаведнасці з міжнароднымі абавязацельствамі Беларусі.

Еўрапейскі саюз звяртаецца да беларускіх уладаў з заклікам гарантаваць рэалізацыю кандыдатамі ў поўнай меры палітычных правоў, пазбягаць прымянення сілы супраць мірных пратэстоўцаў, устрымлівацца ад далейшых затрыманняў назіральнікаў за выбарамі, мірных дэманстрантаў, кандыдатаў і чальцоў іх каманд і неадкладна вызваліць усіх актывістаў, праваабаронцаў, блогераў і журналістаў, затрыманых па палітычных матывах.

ЕС будзе і надалей імкнуцца ўмацоўваць ўзаемадзеянне з беларускім народам. Мы падтрымліваем незалежнасць і суверэнітэт Беларусі, а дэмакратыя і правы чалавека па-ранейшаму будуць вызначаць фарміраванне Еўрапейскім саюзам палітыкі ў дачыненні да краіны.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"


Каментары