Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

FIDH і Вясна: Улады мусяць устрымацца ад гвалту супраць удзельнікаў выбарчых пратэстаў

FIDH і Праваабарончы цэнтр "Вясна" выступілі з сумеснай заявай, у якой заклікаюць беларускія ўлады ўстрымацца ад прымянення гвалту ў дачыненні да мірных дэманстрантаў і забяспечыць празрыстасць на працягу ўсяго выбарчага працэсу.

Прэзідэнцкія выбары 2020 года ў Беларусі адзначыліся беспрэцэдэнтным узроўнем пратэстнай актыўнасці і жорсткай рэакцыяй уладаў. Акрамя міліцэйскага гвалту і адвольных затрыманняў мірных дэманстрантаў, з канца ліпеня ўлады мабілізуюць войскі дзеля таго, каб стрымаць дзейнасць пратэстоўцаў і запалохаць апазіцыю. Мясцовыя праваабарончыя арганізацыі папярэджваюць, што мабілізацыя вайскоўцаў да выбараў 9 жніўня можа прывесці да далейшай эскалацыі гвалту.

Рэпрэсіямі азмрочаная ўся прэзідэнцкая кампанія. Прэзідэнт Лукашэнка, які знаходзіцца ва ўладзе ўжо 26 гадоў, не саромеецца выкарыстоўваць любыя сродкі, каб запалохаць грамадзян, якія заклікаюць да дэмакратычных пераменаў. Пачынаючы з траўня за ўдзел у мірных акцыях пратэсту беларускай міліцыяй адвольна затрыманыя больш за 1 300 чалавек, у тым ліку актывісты і журналісты. Больш за 200 з іх былі прысуджаныя да тэрмінаў арышту. Дваццаць сем актывістаў, палітычных дзеячоў і іх прыхільнікаў былі арыштаваныя па сфабрыкаваных абвінавачваннях, а 24 з іх зараз знаходзяцца ў следчых ізалятарах. Мясцовыя праваабарончыя арганізацыі лічаць усіх іх палітвязнямі.

У канцы ліпеня ўлады пачалі перамяшчаць войскі ў Мінск, а прэзідэнт Лукашэнка наведаў вайсковыя часткі, абмяркоўваючы з дзяржаўным сакратаром Савета бяспекі Беларусі Андрэем Раўковым магчымы ўдзел вайскоўцаў у “аднаўленні канстытуцыйнага ладу”.

Неўзабаве пасля гэтага, 3 жніўня, міністр унутраных спраў Юрый Караеў звярнуўся да супрацоўнікаў унутраных справаў, заявіўшы, што будучыя выбары будуць “выпрабаваннем на трываласць для ўсёй праваахоўнай сістэмы” і запатрабаваў, каб ягоныя падначаленыя “не паддаваліся на правакацыі”, маючы на ўвазе акцыі пратэсту.

“Пагроза прыцягнення войскаў і, пагатоў, выкарыстання яго супраць мірных дэманстрантаў недапушчальная ў дэмакратычным грамадстве. Зразумела, аднак, што ўлады Беларусі гатовыя зрабіць усё, каб забяспечыць перавыбранне дзеючага прэзідэнта”, — кажа віцэ-прэзідэнт FIDH і намеснік старшыні Праваабарончага цэнтра "Вясна" Валянцін Стэфановіч.

Сам выбарчы працэс азмрочаны шматлікімі парушэннямі ўстаноўленых працэдур правядзення прэзідэнцкіх выбараў і не адпавядае міжнародным стандартам свабодных і сумленных выбараў. Напярэдадні выбараў тром патэнцыйным кандыдатам ад апазіцыі было адмоўлена ў рэгістрацыі на фармальных палітычна матываваных падставах; двое з іх — блогер Сяргей Ціханоўскі і бізнесмен Віктар Бабарыка — былі арыштаваныя па ілжывых абвінавачваннях і знаходзяцца ў следчых ізалятарах. Улады запалохваюць і стрымліваюць агітацыю самай паспяховай кандыдаткі — Святланы Ціханоўскай, якая вырашыла балатавацца пасля таго, як арышт яе мужа перашкодзіў яму зарэгістраваць ініцыятыўную групу.

Упершыню ў гісторыі незалежнай Беларусі Арганізацыя па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе і Парламенцкая асамблея Савета Еўропы не будуць адпраўляць місіі па назіранні за выбарамі з-за несвоечасовага запрашэння беларускіх уладаў. Вельмі трывожна, што падчас маючых адбыцца выбараў не будзе незалежнага назірання: 22 ліпеня Цэнтральная выбарчая камісія ўстанавіла ліміт колькасці назіральнікаў (не болей за пяць чалавек), якія могуць назіраць на кожным выбарчым участку. На момант прыняцця гэтага рашэння ўчастковымі выбарчымі камісіямі былі акрэдытаваныя больш за 40 000 назіральнікаў, якія прадстаўлялі праўладныя палітычныя партыі і грамадскія аб'яднанні. Такім чынам, незалежныя назіральнікі былі пазбаўлены магчымасці прысутнічаць на выбарчых участках. Адсутнасць незалежнага назірання — неабходнай умовы правядзення свабодных і дэмакратычных выбараў — павялічвае рызыку фальсіфікацый.

Нягледзячы на тое, што ўсе тры месяцы прэзідэнцкай кампаніі суправаджаюцца рэпрэсіямі, міліцэйскім гвалтам і бюракратычнымі перашкодамі, беларусы праявілі неверагодную палітычную волю і салідарнасць, выказаўшыся за свабодныя выбары і падтрымліваючы апазіцыйных кандыдатаў. 31 ліпеня рэкордная колькасць удзельнікаў — 63 000 чалавек — падтрымалі Святлану Ціханоўскую у час мітынгу ў Мінску, які стаў найбуйнейшай апазіцыйнай акцыяй у Беларусі за больш чым дзесяць гадоў.

FIDH і ПЦ "Вясна" чакаюць, што акцыі пратэсту працягнуцца на гэтым тыдні, у тым ліку ў дзень выбараў, а таксама пасля яго. Таму мы заклікаем беларускія ўлады ўстрымацца ад прымянення гвалту міліцыяй і арміяй супраць мірных дэманстрантаў і гарантаваць свабоду мірных сходаў і палітычнага выказвання меркаванняў у адпаведнасці з міжнародным правам у галіне правоў чалавека, уключаючы Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"


Каментары