"Не толькі пра 6 жніўня". Начальніцу штаба Ціханоўскай папярэдзілі пра адказнасць за мерапрыемствы
Як паведамляе "Наша Ніва", каля 11:00 затрымалі Марыю Мароз — начальніцу штабу кандыдаткі ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай.
Марыю Мароз затрымалі на выхадзе з пасольства Літвы супрацоўнікамі міліцыі. Марыя ішла падаваць дакументы на візу, паведамляе прэс-служба кандыдаткі ў прэзідэнты.
Прычына затрымання і цяперашняе месцазнаходжанне Марыі Мароз пакуль невядомыя.
Як паведамляе телеграм-канал "Краіна для жыцця", у 12:45 начальніцу штаба Марыю Мароз адпусцілі. Як паведамляе Марыя, такім чынам улады праводзяць тлумачальную гутарку. Мэта тлумачальнай гутаркі — папярэдзіць, што ў выпадку правядзення сёння мітынгу Святланы Ціханоўскай у парку Дружбы народаў, будуць "пасадкі" арганізатараў. Паведамляецца, што Марыю забралі з прыступак амбасады з дзіцем.
"Пад'ехала машына, прадставіліся супрацоўнікамі ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй, запрасілі ў машыну, адвезлі ў аддзяленне на Нямізе на размову. Там папярэдзілі аб адказнасці за арганізацыю "несанкцыянаваных мерапрыемстваў". Гаворка ішла не толькі пра 6 жніўня, а наогул пра ўсе мерапрыемствы", — распавяла TUT.BY Марыя Мароз.