Як пазбаўляюць акрэдытацый незалежных назіральнікаў
Кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” вядома, што ўчастковыя камісіі працягваюць выдаляць назіральнікаў з участкаў па розных надуманых падставах. У Мінску пазбавілі акрэдытацыі двух незалежных назіральнікаў кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары”.
“Выбаршчыца”: Запытваюцца, чаму не павязалі белыя стужачкі
На другі дзень датэрміновага галасавання на выбарчым участку №66 Савецкага раёна Мінска пазбавілі акрэдытацыі незалежнага назіральніка кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Аляксандра Тарасюка. Назіральнік не патрапіўшы ў квоту назірання на ўчастак, ажыццяўляляў назіранне каля будынка, дзе размяшчаецца ўчастак. Але і адтуль камісія вырашыла прыбраць назіральніка.
Ва ўчастковую камісію №66 нібы звярнулася выбаршчыца В.Я. Прывальцэвіч, якая паскардзілася на назіральнікаў.
“Ва ўвахода ў будынак стаяць маладыя людзі, якія спрабуюць навязаць сваё меркаванне выбаршчыкам, запытваюцца, чаму яны не павязалі белыя стужачкі”, — спасылаецца на заяву выбаршчыка камісія.
“Мы стаялі на вуліцы, лічылі яўку, да нас падыйшла жанчына, загаварыла сама пра белые бранзалеты, мы ёй спрабавалі не адказваць”, — распавядае пра сітуацыю Аляксандр Тарасюк.
Таксама ў сваім рашэнні камісія пазначыла, што Тарасюк нібы праводзіў апытанні грамадзян, якія прыбылі для галасавання, праводзіў фотаздымку выбаршчыкаў, што з'яўляецца парушэннем артыкула 13 Выбарчага кодэкса.
Гэта стала падставамі для пазбаўлення незалежнага назіральніка акрэдытацыі.
“Не рэагавала на просьбы старшыні ўчастка камісіі захоўваць дыстанцыю”
Назіральніцу кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Аляксандру Кузьміч пазбавілі акрэдытацыі ў першы дзень датэрміновага галасавання пасля 15 хвілін пачатку працы ўчастковай камісіі. Прычынай пазбаўлення акрэдытацыі сталі пытанні да камісіі наконт арганізацыі выбарчага працэсу на ўчастку і за знаходжанне ў холе школы, дзе знаходзіцца ўчастак для галасавання.
Аляксандра Кузьміч была зарэгістраваная назіральніцай на ўчастку №15 у Цэнтральным раёне Мінска. Яна акрэдытавалася ў кнізе назіральнікаў пад нумарам 14. Але загаддзя з ёй ніхто не звязаўся і не прапаноўваў запісацца ў графік назірання. Аляксандра Кузьміч прыйшла на участак у першы дзень датэрміновага галасавання, але ёй сказалі, што на ўчастку ўжо ёсць тры назіральнікі, таму дапусціць да назірання яе не могуць. На гэта назіральніца папрасіла даць ёй пісьмовую адмову ў назіранні, але замест гэтага сябры ўчастковай камісіі №15 зрабілі ёй заўвагу, што яна замінае працы камісіі. Пры гэытм, ёй ніхто не растлумачыў, чаму яна не можа знаходзіцца на ўчастку.
У калідоры назіральніца ўбачыла графік назірання, і напісала заяву на імя старшыні камісіі, каб яе дапусцілі на назіранне ў асноўны дзень галасавання 9 жніўня і на падлік галасоў. Сябры камісіі прынялі заяву, але заявілі, што знаходзіцца цяпер на ўчастку Аляксандры нельга. Назіральніца кампаніі выканала патрабаванне камісіі і выйшла ў хол школы, дзе размаўляла з іншымі назіральнікамі.
“Але да нас з участка выляцела старшыня камісіі, пачала крычаць, што гэта таксама выбарчы ўчастак, і што я не маю права тут знаходзіцца. Потым сказала, што гэта трэцяя заўвага і я пазбаўлена акрэдытацыі. Таксама старшыня падыйшла да міліцыянта, які дзяжурыў там, і сказала, каб зрабіў нешта са мной. Але той сказаў, што пакуль я не хуліганю, то нічога рабіць не будзе”, – распавядае Аляксандра Кузьміч.
Ніякага дакумента аб пазбаўленні акрэдытацыі ёй адразу не выдалі. У камісіі казалі, што яе ніхто не лішаў акрэдытацыі, але праз два дні ўсё ж такі выдалі ёй рашэнне аб пазбаўленні акрэдытацыі. Толькі падставы для пазбаўлення акрэдытацыі сталі іншыя:
- стварала перашкоды для адкрыцця ўчастка,
- умешвалася ў працу камісіі,
- знаходзілася каля скрыні для галасавання,
- не рэагавала на неаднаразовыя просьбы старшыні ўчастка выконваць дыстанцыю.