Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Замежныя карэспандэнты не могуць трапіць на выбары. Нібыта праз каранавірус

Ілюстрацыйнае фота "Праваабаронцы за свабодныя выбары"
Ілюстрацыйнае фота "Праваабаронцы за свабодныя выбары"

Прынамсі тры дзясяткі замежных карэспандэнтаў, якія хацелі прыехаць у Беларусь, каб асвятляць прэзідэнцкія выбары, дагэтуль не атрымалі акрэдытацыю, паведамляе Радыё Свабода. Прычынай назвалі каранавірус, праз які камісія па акрэдытацыі ня можа сабрацца.

«Хто падаваў дакументы ў траўні, яшчэ паспелі, хто ў чэрвені і ліпені — ужо не»

Намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі кажа, што ў БАЖ са скаргамі звяртаецца шмат замежных калег, якіх МЗС Беларусі дагэтуль не акрэдытаваў на выбары.

«Мы ведаем прынамсі пра 25 такіх фактаў. Дакладней, на 25-м мы перасталі лічыць. Краіны, з якіх звяртаюцца калегі, самыя розныя: Нямеччына, Францыя, Швейцарыя, скандынаўскія краіны, Польшча, Чэхія...

Тыя, хто падаваў дакументы ў траўні, яшчэ паспелі атрымаць акрэдытацыю, хто ў чэрвені, ліпені — ужо не. А потым, мабыць было нейкае палітычнае рашэнне — не даваць акрэдытацыі. Хтосьці яшчэ спадзяецца, але ж да выбараў засталося 4 дні. Некаторыя замежныя СМІ шукаюць у Беларусі журналістаў, якія б маглі даваць інфармацыю ім», — кажа Барыс Гарэцкі.

Афіцыйнае тлумачэнне МЗС — эпідэміялягічная сытуацыя

Здымачнай групе аднаго ўкраінскага тэлеканалу прапанавалі прайсці двухтыднёвы каранцін, калі яны хочуць працаваць на выбарах у Беларусі.

Польскі журналіст Міхал Патоцкі пісаў у фэйсбуку 27 ліпеня:

«Сёння я пачуў ад прадстаўніка Міністэрства замежных спраў, што пакуль праз эпідэмію не збіраецца камісія па акрэдытацыі. На пытанне, калі збярэцца, ён адказаў: „Не ведаю“. Вось так вось. Я не прапусціў ніводных парламенцкіх або прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі з 2008 году. Было б тым сумней, калі б мне не ўдалося гэтым разам, беручы пад увагу ўсё тое, што там цяпер адбываецца».

Чэскі журналіст, рэдактар замежнай рубрыкі Lidové noviny Томаш Влах 1 жніўня напісаў:

«Сцвярджаецца, нібыта „камісія не можа сабрацца з прычыны каранавірусу“. Калі так і застанецца, то за беларускімі выбарамі не будзе назіраць ніхто з іншаземцаў».

Праз каранавірус не атрымалі акрэдытацыі француская журналістка Клэр Гацінуа, журналістка са Славаччыны Крысціна Чрэнкава, польскі фотарэпарцёр Якуб Камінскі і іншыя.

«Заканадаўства ж ніхто не адмяняў»

Парадак акрэдытацыі журналістаў замежных СМІ ў Рэспубліцы Беларусь, зацверджаны Саветам Міністраў 25.12.2008 году, прадугледжвае, што заяўкі для часовай акрэдытацыі журналістаў павінны быць разгледжаныя не пазней як за 20 дзён з дня атрымання.

«З прычыны каранавірусу быццам бы не можа сабрацца камісія. Але ж заканадаўства ніхто не адмяняў — у 20-дзённы тэрмін МЗС павінен разгледзець заявы. Але ёсць жа Zoom, можна ж і дыстанцыйна правесці пасяджэнне», — кажа намеснік старшыні БАЖ Барыс Гарэцкі.

Атрымаць апэратыўны каментар у МЗС Свабодзе не ўдалося — прэс-сакратар другі дзень «на мерапрыемствах у кіраўніка дзяржавы».

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"


Каментары