"Штодня на выбарчым участку праводзіць лёсаванне". Якія змены прапануюць назіральнікі па допуску іх на ўчасткі
Назіральнікі кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” з Верхнядзвінску звярнуліся з прапановай да тэрытарыяльнай выбарчай камісіі, дзе прасілі арганізаваць назіранне на выбарчых участках №№1-4 па распрацаванаму для ўсіх участковых камісій графіку.
Назіральнікі мяркуюць, згодна з арт. 13 Выбарчага кодэкса, усе акрэдытаваныя назіральнікі маюць права назіраць за выбарчым працэсам.
А вось назіральнік з Віцебску Леанід Свецік звярнуўся з прапановай адразу ў Цэнтрвыбаркам. Ён палічыў, што рэкамендаваны ЦВК спосаб вызначэння прысутнасці назіральнікаў – па чарзе акрэдытацыі на выбарчым участку – несправядлівым і дыскрымінацыйным.
Леанід Свецік прапануе праводзіць штодня на выбарчым участку лёсаванне: у дні датэрміновага галасавання з 9.45 да 9.55, а ў асноўны дзень выбараў – з 7.45 да 7.55.
Удзельнічаць у такім парадку вызначэння прысутнасці на ўчастку, на думку назіральніка, могуць толькі тыя зарэгістраваныя назіральнікі, што з’явіліся на выбарчы ўчастак у вызначаны час.
“Прапанаваны мною спосаб можа быць выкарыстоўваецца толькі на тых участках, дзе колькасць акрэдытаваных назіральнікаў перавышае квоты, устаноўленыя Цэнтральнай камісіяй”, - падкрэслівае Леанід Свецік у звароце.