Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Дзяржаўныя выданні Гомельшчыны паліваюць брудам пікеты Ціханоўскай, а царква заклікае не паддавацца на правакацыі

Назіральнік кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Віктар Адзіночанка прааналізаваў шэраг дзяржаўных выданняў Гомельскага рэгіёна. Ён адзначае, што ў некаторых з іх з’явілася крытыка ў бок кандыдата ў прэзідэнта Святланы Ціханоўскай у сувязі з яе агітацыйнымі пікетамі.

Цікава, што рыторыка розных аўтараў пераклікаецца: амаль усе яны абзываюць давераных асобаў кандыдата прыніжальнымі эпітэтамі; указваюць, што ў пікетах удзельнічаюць “прыезджыя”, а мясцовыя жыхары не прыходзяць; у свабодны мікрафон выказваюцца людзі, якім не хапіла ўвагі; арганізатары толькі заяўляюць пра праблемы і не прапаноўваюць ніякіх шляхоў іх вырашэння; незадаволеныя, што давераныя асобы нібыта "вучаць грамадзянаў жыццю", але самі ж падказваюць, які выбар будзе “правільным".

Спужалі сцяг Еўрасаюза і размовы пра ЛГБТ

На сайце выдання “Голас Веткаўшчыны” Мікалай Юрчанка ў артыкуле “Пікет і сустрэча, у якіх я ўдзельнічаў…” піша, што наведаў агітацыйнае мерапрыемства Святланы Ціханоўскай, дзе “хацеў не толькі бліжэй убачыць медыйную асобу, але і, калі атрымаецца, пакамунікаваць асабіста”, аднак кандыдат у райцэнтр не даехала. Аўтар сцвярджае, што “нікога абзываць, ні ў кога шукаць схаваныя  заганы і ні на каго навешваць цэтлікі не збіраецца”, аднак адзначае, што яму “было непрыемна глядзець і слухаць, як агулам чарняць і ганьбяць усё, што адбывалася ў гісторыі краіны, няхай і зусім нядаўняй”.

Учора на гарадскі стадыён я прыйшоў, каб узяць удзел у пікеце ў падтрымку Святланы Ціханоўскай. Але трапіў на пікет па абвінавачванні Аляксандра Лукашэнкі. Так, як чалавек я бываю не згодны з рашэннямі прэзідэнта. Бачу, што ў нашым жыцці многае далёка ад дасканаласці. Як і ўсе, хачу больш зарабляць. І на пікеце я спадзяваўся пачуць не пра тое, што ў нас усё дрэнна, а пра тое, як усё будзе добра. Выбачайце – не пачуў…

Але ўбачыў сіні сцяг Еўрасаюзу, у зорным крузе якога ўпісана слова «BELARUS». І зноў – прабачце: такога будучыні я не хачу! Добра, што арганізатары мерапрыемства не пусцілі да мікрафона хлопца, які жадаў пагаварыць з намі пра гомасэксуальныя адносіны: сваю краіну пад зорным еўрапейскім і адначасова вясёлкавым сцягам ЛГБТ-супольнасці я нават у сне бачыць не хачу”, – падкрэсліў Мікалай Юрчанка.

Напрыканцы артыкула аўтар пажадаў “кожнаму з кандыдатаў поспехаў, а кожнаму з нас – правільнага выбара”. Які выбар зробіць Мікалай Юрчанка – відавочна.

piket_vetka.jpg
Пікет Святланы Ціханоўскай у Ветцы. Фота з сайта vetkagolos.by

Цікава, што аўтар піша, што амаль увесь час пікета ён чэсна адпрацаваў з фатаапаратам у руках, аднак артыкул аздоблены толькі адным фотаздымкам.

Ці добра там, дзе нас няма?

Аляксандр Супруноўскі ў артыкуле пад назвай “Пікет у падтрымку Святланы Ціханоўскай у Калінкавічах скончыўся карагодам” напісаў, што на агітацыйнае мерапрыемства 2 жніўня нібыта прыехалі “мазырчукі, ельчане, нараўлянцы і светлагорцы”, а жыхароў Калінкавічаў было не больш за палавіну прысутных.

Выступоўцаў на мітынгу аўтар называе “аніматарамі”, якія кінулі ў натоўп некалькі заклікаў і прапанавалі свабодны мікрафон.

“Пра што і як трэба гаварыць, адразу ясна стала: віталася, усё, што было супраць дзеючай улады. Пад раздачу трапілі і БРСМ, і міліцыя, і прафсаюзы, і сістэма адукацыі, і медыцына. Увогуле, усё ў нас дрэнна, і ўсё трэба мяняць. На што - ніхто і словам не абмовіўся”.

Аляксандр Супруноўскі піша, што жадаючых выказацца было няшмат, і ў асноўным гэта былі “прыезжыя”, якія прадстаўляліся “ваеннымі пенсіянерамі, студэнтамі і просто пенсіянерамі” і  нібыта недаатрымалі ўвагі да сваёй асобы.  

Скончыўся пікет карагодам. Яго вадзілі пад песню, у якой гучаў заклік разбурыць сцены. А вось якія сцены? Не зусім зразумела. З гэтай нагоды ўспомніў бабулю-суседку, якая калісьці казала: Добра там, дзе нас няма, а куды мы пасунем, і там усё папсуем”, - заключае аўтар.

Ён указвае і на тое, што колькасць прысутных (каля 600 чалавек па падліках аўтара) – дробязь, бо насельніцтва раёна складае больш за 60 000.

“Калінкавічане апынуліся разважлівей, іх на мякіне не правядзеш, не падманеш карагодамі і пустымі абяцаннямі”, - мяркуе Аляксандр Супруноўскі.

piket_kalinkavichi.jpg
Пікет Ціханоўскай у Калінкавічах. Фота з сайта knews.by

Але, калі паглядзець на здымак, бачна, што арганізатары пікета трымаюцца за рукі, а людзі-удзельнікі стаяць асобна. Дык пра якія карагоды піша аўтар?

Спачатку трэба навучыцца быць людзьмі?

“Маскі скінутыя, спадары! Перадвыбарчы мітынг у падтрымку кандыдата ў беларускія прэзідэнты Святланы Ціханоўскай у Мазыры” – пад такой назвай выйшаў артыкул у выданні “Жыццё Палесся”.

Аўтарка артыкула – сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі Наталля Канопліч – таксама адзначыла, што нібыта на мітынгу прысутнічала не больш за 500 чалавек, сярэдні ўзрост – 35-40 лет, і частка з іх – ніяк не мазырчукі.  

piket_mozyr.jpg
Пікет Ціханоўскай у Мазыры. Фота з сайта mazyr.by

“Для параўнання, напярэдадні, у працоўны дзень, на акцыю "#МАЕЙКРАІНЕ" прыйшлі 3,5 тысячы мазырчукоў. А тут... не спрацавалі ні модны фармат "свабодны мікрафон", ні сцягі з плакатамі, ні ноу-хау ў выглядзе аўдыёзапісу апладысментаў або свісту, якія запускаюцца па ўзмаху рукі арганізатараў для разгойдвання натоўпу”, - апісвае мітынг аўтарка.

Далей Наталля Канопліч апісвае выступоўцаў з народу, якія “ў большасці сваёй людзі, што калісьці недаатрымалі ад дзяржавы нейкіх прэферэнцый, больш, чым пазначана законам ільгот; не змаглі завяршыць маніпуляцыі з падаткамі; і папросту тыя, хто не жадае жыць у ладу з законам”.

На выступ кожнага і кожнай з тых, хто ўзяў слова, у аўтаркі знаходзіцца свой адказ.

“Бедны школьнік паскардзіўся, што вымушаны падпрацоўваць”, дык дзе яго бацькі, якія павінныя несьці адказнасць да яго паўнагоддзя? А сама праца падлеткаў ніколі для Наталлі Канопліч не была далёкай, асабліва падчас прыборкі ўраджаю, “калі сельская гаспадарка мела неабходнасць у лішніх руках”.

“Маладая асоба” пасетвала на сітуацыю з выміраннем вёсак, дык гэта заканамерны працэс! Але ж ў Мазырскім раёне поўна аграгарадкоў з камфортнай інфраструктурай для сучаснага жыцця.

“Маеш прафесію – прыязджай у вёску: атрымаешь жыллё, працу і годны заробак”, - лічыць Наталля Канопліч.

Па меркаванні аўтаркі артыкула, у Мазырскім раёне самы нізкі ўзровень беспрацоўя, а “калі лічыць грошы навучыўся толькі ў марах, тады і заробак адпаведны”.

Перад тым, як жадаць перамен, трэба нешта зрабіць для грамадства, краіны, навучыцца цаніць працу іншых, не лічыць ганебным выйсці на суботнік у горадзе ці ў сваім пад’езде, лічыць Наталля Канопліч і заклікае:

“Паважаныя мазырчукі і госці нашага горада, якія спрабуюць навучыць нас, як жыць: збіраючыся стаць спадарамі, давайце пакуль навучымся быць людзьмі!”

“Засланыя казачкі” і “світа” ў Рагачове

Аўтарка артыкула “Пустыя абяцанні пра туманную будучыню: у Рагачове прайшоў перадвыбарчы пікет Святланы Ціханоўскай” М. Сухарукава разам з чытачамі “Свабоднага слова” спрабавала разабрацца, ці адносяцца арганізатары агітацыйнага мерапрыемства да “ўсялякага роду сумнеўных элементаў, якія збіваюць з панталыку даверлівых людзей, прапануючы ім пустыя абяцанні аб нерэальна казачным жыцці”.

piket_rogachev.jpg
Пікет Святланы Ціханоўскай у Рагачове. Фота з сайта slova.by

Па падліках М. Сухарукавай на пікет у цэнтр Рагачова прыйшло каля 700 чалавек, “падкупаемых цікаўнасцю і назойлівай рэкламай у інтэрнэце”. Арганізатары падрыхтаваліся сумленна і прадумалі сцэнар да дробязяў, а “атмасфера была амаль рэвалюцыйная”. Пры гэтым аўтарка ўвесь час называе арганізатараў – Юрыя Уласава, Алену Давыдаву і Таццяну Гаеўскую – то “баявымі сябрамі” Ціханоўскай, то “засланымі казачкамі”, то “світай”, якія хоць красамоўна і пераканаўча выступалі, але прамовы іх былі пустымі абяцаннямі.

“Здавалася, вось-вось здарыцца паўстанне, якое неадкладна прывядзе да пераменаў, і людзі тут жа ступнуць у новае жыццё. Але… цуд не адбыўся”, - апісвае падзеі ў Рагачове М. Сухарукава.

Журналістка “Свабоднага слова” спадзяецца, што ў яе землякоў “склалася правільнае меркаванне пра выступоўцаў, якія нарабілі шмат шуму з нічога”, і лічыць, што мець асабістае меркаванне – гэта ўжо агромісты прывілей, а як ім “правільна” скарыстацца – вырашаць кожнаму.

Царква заклікала не паддавацца на правакацыі

Як піша “Гомельская праўда”, мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел звярнуўся да беларускага народа з заклікам не паддавацца на правакацыі і не станавіцца на шлях гвалту, супрацьстаяння і парушэння законнага правапарадку.

“Кожны чалавек у нашай краіне, які дасягнуў сталага ўзросту, мае права зрабіць свой канстытуцыйны свабодны выбар, але гэтым правам варта скарыстацца не на барыкадах і мітынгах, а на выбарчых участках”, - адзначаецца на сайце выдання.

Пры гэтым архіепіскап Стэфан адзначае, што царква не ўмешваецца ў палітычныя гульні, не ўступае ў партыі, але адказвае за мір у грамадстве. А 2 жніўня ва ўсіх праваслаўных храмах краіны прайшлі асаблівыя малітвы за беларускі народ.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"


Каментары