Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

"Рэгістравалася першай, але стала 13-й". Як назіральнікаў не дапускаюць да назірання

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Назіральнікі кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Аляксей Горбач і Марына Шастоўская распавялі, як іх не дапускаюць да назірання на ўчастку для галасавання №15 у Мінску.

Аляксей Горбач і Марына Шастоўская рэгістраваліся ў якасці назіральнікаў на мінскім выбарчым участку №15, які размешчаны ў Сярэдняй школе №108. 24 ліпеня сакратар камісіі Святаслаў Зубкевіч зарэгістраваў у кнізе акрэдытацыі назіральнікаў Марыну пад першым нумарам, а Аляксея – пад трэцім. Аднак 3 жніўня, перад пачаткам датэрміновага галасавання, назіральнікам паведамілі, што адбылася памылка, і праз гэта парадкавыя нумары назіральнікаў, адпаведна, і чарга на назіранне, ссунуліся на 12 чалавек. Як распавядае Марына, такім чынам, хоць яна рэгістравалася ў кнізе акрэдытацыі назіральнікаў першай, пра што дадаткова зрабіла там адзнаку, але ўсё роўна ў выніку ў чарзе назіральнікаў стала 13-й. Пра гэта ёй па тэлефоне паведаміў сакратар камісіі Зубкевіч:

"Адбылася такая сітуацыя, мая памылка, што я Вас пачаў рэгістраваць, то бок запісваў з першага нумара на наступнай старонцы, то бок, мы пачыналі на пятай рэгістраваць кандыдатаў [заўв. – мабыць, сакратар меў на ўвазе назіральнікаў]. Вас я запісваў ужо на шостай. Але я па памылцы вырашыў, што трэба запісваць з першага, ну, з новай старонкі з новага нумара. Таму Вы зарэгістраваліся атрымліваецца трынаццатай".

Viasna96 · "Рэгістрыравалася першай, але стала 13-й": Як не дапускаюць да назірання назіральнікаў.

Затым ён сказаў, што з прычыны таго, што яна па ліку цяпер трынаццатая, то ў графіку назірання засталіся толькі некалькі свабодных дат: 5-8 жніўня з 10 да 14. У асноўны дзень галасавання ўсе месцы для назірання ўжо занятыя.

Для назіральніка кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Аляксея Горбача, які ў выніку апынуўся зарэгістраваным пад нумарам 15, месцаў для назірання на ўчастку наогул не знайшлося. Аляксей сам тэлефанаваў у камісію, але яму не змаглі выразна растлумачыць, як адбылася такая сітуацыя і блытаніна. 

Нагадаем, 22 ліпеня Цэнтрвыбаркам устанавіў на перыяд бягучай выбарчай кампаніі абмежаванні па колькасці назіральнікаў, якія могуць знаходзіцца на ўчастку для галасавання: да 5 назіральнікаў – у асноўны дзень галасавання, да 3 – у перыяд датэрміновага галасавання. Кампанія "Праваабаронцы за свабодныя выбары" расцэньвае такое абмежаванне як парушэнне прынцыпаў адкрытасці і галоснасці правядзення выбараў. Акрамя гэтага, кампанія лічыць, што такое рашэнне ЦВК беспадстаўна і штучна абмяжоўвае магчымасці назірання.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары