Замест цэлага стадыёна для мітынгу ў Салігорску – толькі яго нязручная частка. Салігорцы падалі скаргу
Як паведамляе салігорскі назіральнік кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Леанід Мархотка, салігорцы паскардзіліся ў раённую выбарчую камісію на адміністрацыю стадыёна «Будаўнік», што тыя вылучылі для агітацыйнага мітынгу 30 чэрвеня замест прадугледжанага рашэннем мясцовага выканкама цэлага стадыёна толькі нязручную для правядзення сустрэч ягоную частку. Скаргу падпісалі 15 мясцовых жыхароў.
Справа ў тым, што Салігорскі райвыканкам вызначыў месцам для правядзення агітацыйных мітынгаў у горадзе цэлы стадыён "Будаўнік". Аднак 30 ліпеня на сустрэчы давераных асобаў кандыдаткі Святланы Ціханоўскай з выбаршчыкамі дазволілі сабрацца толькі ў частцы стадыёна, дзе няма ні лавачак, ні крэслаў.
Са словаў назіральніка Леаніда Мархоткі, было агароджана самае нязручнае месца для правядзення сустрэчы з выбаршчыкамі. Пропуск на сустрэчу быў арганізаваны з чорнага ўваходу на стадыён. На самой сустрэчы людзі былі вымушаныя стаяць у непасрэднай блізкасці адзін ад аднаго, бо не было магчымасці выконваць сацыяльную дыстанцыю.
"Сярод прысутных было шмат людзей сталага ўзросту, цяжарныя жанчыны, мамы з малалетнімі дзецьмі, людзі з інваліднасцю, якім не было дзе прысесці. Пры гэтым, іх не пускалі на вялікае поле стадыёна і на трыбуны, абсталяваныя сядзеннямі, дзе салігорцы маглі б без рызыкі для здароўя захоўваць сацыяльную дыстанцыю і скарыстацца сядзеннямі. Улады такім чынам проста праявілі непаважлівае стаўленне да салігорцаў, гэта недапушчальна", — распавёў Леанід Мархотка.
Салігорцы папрасілі ТВК адрэагаваць на незаконныя дзеянні адміністрацыі стадыёна "Будаўнік", а таксама запатрабавалі ў выбаркама не дапусціць у далейшым такіх незаконных абмежаванняў. Таксама салігорцы акцэнтавалі ўвагу, каб скаргу разгледзелі ў іх прысутнасці.
Заўтра, 4 жніўня, у Салігорску на гэтым стадыёне запланаваны агітацыйны мітынг з удзелам самой кандыдаткі ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай. Салігорцы спадзяюцца, што іх скарга вырашыць праблему з месцам для агітацыі і яны змогуць выкарыстоўваць для сустрэчы з кандыдатамі ўсю тэрыторыю стадыёна, як гэта прадугледжвае адпаведнае рашэнне Салігорскага райвыканкама.