Святлана Ціханоўская ў апошні момант не прыехала на пікет у Бярозу з-за магчымай правакацыі
У Бярозе другога жніўня адбыўся мітынг у падтрымку кандыдата ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай. У дазволеным уладамі месцы, па падліках назіральніка кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Сяржука Русецкага, сабралося каля двух тысяч чалавек.
Людзі сабраліся не толькі з самой Бярозы, але і з навакольных Белаазёрску, Пружанаў, Івацэвічаў, Драгічыну.
Амаль да апошняга меркавалася, што на сустрэчу прыедзе сама Ціханоўская. Ад 18-00 да 19-00 людзі проста збіраліся і чакалі ў вызначаным для такіх мерапрыемстваў Бярозаўскім райвыканкамам месцы — непадалёк ад уваходу на гарадзкі стадыён. Такой колькасці людзей, што сабраліся на не арганізаванае ўладамі мерапрыемстве, Бяроза, пэўна, яшчэ не бачыла ніколі.
Кандыдатка ў прэзыдэнты Святлана Ціханоўская расказала ўдзельнікам пікету ў Бярозе, што супраць яе рыхтавалі правакацыю, піша "Радыё Свабоды". Людзі слухалі Ціханоўскую праз тэлефонную сувязь — тэлефон паднеслі да мікрафона на пікеце:
«Я ведаю, што там сабралася вельмі шмат людзей, і вы чакаеце да апошняга. Але мая ахова кажа, што там стаяць аўтазакі і што я ўжо як кандыдат адтуль не з'еду», — сказала кандыдатка. — «Дзякуй за падтрымку, я плянавала да вас ехаць. Мілыя мае, даруйце мне, калі ласка, што так атрымоўваецца. Але мне кажуць, што людзі потым не даруюць сабе, калі ты прыедзеш і далей ужо ты ісці не зможаш».