Баранавіцкія ўлады разбурылі сцэну, на якой павінна была выступаць Ціханоўская
У Баранавічах улады перашкаджаюць кандыдату ў прэзідэнты Святлане Ціханоўскай, піша "Радыё Рацыя". Мала таго, што выдзелілі для пікетаў у падтрымку Ціханоўскай ранішні час, 31 ліпеня на месцы запланаванага мітынгу з удзелам Святланы Ціханоўскай улады разбурылі сцэну, якая там стаяла з часу адкрыцця маладога парку.
Гэтую прыкрую работу выконвае арганізацыя Баранавічы РЭМБУД, начальнік Віктар Сычэўскі, – кажа прадстаўнік штаба Цапкалы Ігар Лаўрушчык:
"Пасля ўчорашняга Мінска, дзе сабралася дзясяткі тысяч людзей, улады проста баяцца, што тут у Баранавічах будзе тое ж самае. Мы знашлі іншы варыянт – мітынг адбудзецца, няхай яны жывуць самі па сабе, а народ будзе жыць сам па сабе".
Паводле даверанай асобы Святланы Ціханоўскай Тамары Патоцкай, прадстаўнікі трох штабоў наведалі Баранавіцкі гарвыканкам, але з імі ніхто не стаў размаўляць. Было вырашана падаць скаргу на незаконныя дзеянні ўладаў у пракуратуру.