Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Справаздача па маніторынгу агітацыйнага пікету 2 жніўня ў Баранавічах

2 жніўня ў баранавіцкім Парку культуры і адпачынку імя 30-годдзя ВЛКСМ па вул. Камсамольскай адбыўся агітацыйны пікет кандыдаткі ў прэзідэнты Рэспублікі Беларусь Святланы Ціханоўскай.

Высновы:

  1. Сход насіў мірны характар (калі "арганізатары маюць мірныя намеры і сход мае негвалтоўны характар" згодна з Кіруючымі прынцыпамі па свабодзе мірных сходаў АБСЕ). Удзельнікі/-цы не выкарыстоўвалі заклікі да гвалтоўных дзеянняў і вайны. Сваімі дзеяннямі ўдзельнікі/-цы мірнага сходу не парушалі грамадскі парадак, правілы дарожнага руху і не ўяўлялі пагрозы грамадскай бяспецы, а таксама не парушалі правы і свабоды іншых асобаў.
  2. У ходзе мірнага сходу была магчымасць ідэнтыфікаваць большую частку супрацоўнікаў/-ніц праваахоўных органаў.
  3. Сход праводзіўся ў межах выбарчага заканадаўства.
  4. Перашкодаў у працы СМІ і назіральнікаў/-ніц не зафіксавана.
  5. Затрыманняў удзельнікаў і арганізатараў не зафіксавана.
  6. У большасці выпадку працэдура пропуску і дагляду людзей адбывалася неэфектыўна, павольна, з-за чаго ўтвараліся вялікія чэргі.
  7. Меры па прафiлактыцы каранавіруснай інфекцыі прымаліся не ў дастатковай ступені.
  8. На мітынгу прысутнічала не менш за 8000 чалавек.

Метадалогія маніторынгу

РПГА "Беларускі Хельсінкскі Камітэт" і Праваабарончы цэнтр "Вясна" праводзяць сістэматычнае назіранне за мірнымі сходамі ў Беларусі на падставе распрацаванай метадалогіі маніторынгу. Яна ўключае ў сябе: набор і навучанне назіральнікаў/-ніц прынцыпам грамадскага кантролю, міжнародным стандартам правядзення мірных сходаў і метадалогіі назірання; запаўненне анкеты назірання падчас вочнага кантролю; апрацоўку анкет і напісанне маніторынгавай справаздачы. Анкеты назірання за мірнымі сходамі распрацаваныя сумесна праваабарончымі арганізацыямі і ўключаюць пытанні аб магчымасці выканання назіральнікамі/-цамі і журналістамі/-камі сваіх функцый, аб паводзінах арганізатараў і ўдзельнікаў/-ніц мірнага сходу, супрацоўнікаў/-ніц праваахоўных органаў, а таксама наяўнасць на мірным сходзе хуткай дапамогі і медыцынскіх работнікаў.

Назіральнікі і назіральніцы дапускаюцца да назірання толькі ў выпадку згоды на выкананне правілаў і прынцыпаў назірання (незалежнасць і палітычная нейтральнасць; апісанне фактаў, а не меркаванняў; неўмяшанне ў падзею, за якой назіраюць; прыхільнасць прынцыпам права; адмова ад любых формаў гвалтоўных дзеянняў і дыскрымінацыйных практык; карэктныя паводзіны). Падчас выканання сваіх абавязкаў назіральнікі і назіральніцы па магчымасці трымаюцца асобна ад удзельнікаў/-ніц. Яны пазначаныя пасведчаннямі і сінімі камізэлькамі з надпісам #СontrolBY.

Папярэдняя інфармацыя

У Беларусі з 15 ліпеня пачаўся перыяд перадвыбарчай агітацыі кандыдатаў у прэзідэнты. Згодна з Выбарчым кодэксам, кандыдаты ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь праводзяць сустрэчы са сваімі выбаршчыкамі на сходах або ў іншай зручнай для выбаршчыкаў форме.

Баранавіцкім гарадскім выканаўчым камітэтам вызначана адно месца для правядзення масавых мерапрыемстваў у межах перадвыбарчай агітацыі. У цэлым, па ўсёй краіне месцы для агітацыі малалікія і нязручныя. Мірныя сходы праводзяцца па заяўным прынцыпе і арганізатары не аплачваюць паслугі міліцыі па ахове грамадскага парадку, медыцынскіх і камунальных службаў.

31 ліпеня Святлана Ціханоўская і аб'яднаны штаб абвясцілі аб правядзенні мітынгу 2 жніўня ў 10:00 у Баранавічах у Парку культуры і адпачынку імя 30-годдзя ВЛКСМ. Арганізатары заклікалі людзей прыйсці на сустрэчу са Святланай Ціханоўскай, Марыяй Калеснікавай і Веранікай Цапкала. 29 ліпеня пад Мінскам была затрыманая група баевікоў з расійскай прыватнай ваеннай кампаніі Вагнера. Дзяржаўныя СМІ паведамілі, што маецца інфармацыя пра тое, што ў краіне на свабодзе ўсё яшчэ знаходзіцца да 200 баевікоў, навучаных падрыўной і снайперскай дзейнасці. Дзяржсакратар Савета Бяспекі Рэспублікі Беларусь Андрэй Раўкоў папярэдзіў, што на масавых мерапрыемствах будуць узмоцненыя меры бяспекі, бо магчымыя правакацыі. Раніцай 2 жніўня на ўсіх уваходах у Парк культуры і адпачынку імя 30-годдзя ВЛКСМ былі арганізаваныя пункты пропуску і дагляду людзей.

Падчас правядзення мірнага сходу вочна і бесперапынна ажыццяўлялі грамадзянскі кантроль пяць назіральнікаў/-ніц, якія прайшлі навучанне і былі пазначаныя адпаведным чынам.

Ход мірнага сходу

Назіральнікі/-цы праводзілі маніторынг мірнага сходу з 09:20 да 11:20.

Падчас маніторынгу асноўная ўвага была ўдзелена падліку ўдзельнікаў/-ніц мітынгу. Падлік праводзіўся 5 назіральнікамі/-цамі каля абсталяваных пунктаў пропуску з фіксацыяй дадзеных кожныя 15 хвілін. Фіксаваліся толькі ўваходзячыя на мітынг людзі. На пачатак падліку ўнутры парку знаходзілася не менш за 160 чалавек. Да часу заканчэння падліку на мітынгу прысутнічала не менш за 8000 чалавек.

Перыметр парку абмежаваны плотам. Увайсці на і выйсці з мерапрыемства можна было толькі праз пункты пропуску і дагляду (было арганізавана чатыры такія пункты). На кожным пункце дагляду знаходзіліся супрацоўнікі\-цы ў форме "Міліцыя", на некаторых з іх былі нагрудныя камеры для відэафіксацыі. У працэдуру таксама ўваходзілі: агляд сумак, асабістых рэчаў, асабісты дагляд. Людзей абмацвалі рукамі па целе, прасілі адкрыць сумкі, у некаторых выпадках супрацоўнікі/-цы міліцыі самі рукамі краналі рэчы ў сумках. Пры даглядзе выконваўся падзел па гендэры. Вадкасці ў большасці выпадкаў дазвалялі да праносу, прапускалі людзей з роварамі, самакатамі, дзіцячымі вазочкамі. Супрацоўнікі/-цы міліцыі перанакіроўвалі людзей у розныя пункты пропуску для памяншэння чэргаў.

Большая частка супрацоўнікаў/-ніц праваахоўных органаў знаходзіліся ў асабістых індывідуальных масках. Да ўдзельнікаў/-ніц не прад'яўляліся патрабаванні па нашэнні масак і/або захаванні дыстанцыі. У свабодным доступе адсутнічаў антысептык. На мітынгу дзяжурылі супрацоўнікі/-цы хуткай дапамогі.

Цэнзура сімволікі і плакатаў супрацоўнікамі/-цамі органаў ўнутраных спраў не ажыццяўлялася. Адзначана не менш за 33 супрацоўнікаў/-ніц міліцыі ў форме і 3 у грамадзянскай форме адзення, пры гэтым адсутнічала інфармацыйная група.

Мітынг працягваўся да 11:20, затрыманняў не зафіксавана.

На масавым мерапрыемстве прысутнічалі прадстаўнікі шэрагу СМІ: Белсат, Радыё Свабода, WDR, Наша Ніва, БелаПАН, Associated Press.

На мерапрыемстве выкарыстоўвалася наступная сімволіка і атрыбутыка: не менш за 30 бел-чырвона-белых сцягоў, два чырвона-зялёныя сцягі, футболкі з гербам "Пагоня", чатыры футболкі з сімволікай аб'яднанага штабу кандыдата ў прэзідэнты, шарыкі бел-чырвонага колеру, кепкі "Краіна для жыцця", пяць футболак з "вышыванкай", пяць сцягоў з гербам "Пагоня", тры сцягі ПДВ.

Плакаты: "Наш выбар - прамая дэмакратыя", "Наш кандыдат - самакіраванне", "Беларуская рулетка...", "А без прэзідэнта слабо?", "Belarusians lives matter", "Не зневажальным кантрактам", "Мы разам" і інш.

Лозунгі: "Свабоду!", "Ганьба!", "Любім, можам, пераможам!", "Света!", "Свабода!", "Малайчына", "Малайцы!". Удзельнікі/-цы мітынгу не заклікалі да гвалтоўных дзеянняў.

Рэкамендацыі

Супрацоўнікам/-цам праваахоўных органаў:

  • ажыццяўляць ахову грамадскага парадку падчас агітацыйных пікетаў у форме, а таксама быць пазначанымі індывідуальнымі ідэнтыфікацыйнымі сродкамі (напрыклад, бэйджамі або нагруднымі знакамі);
  • прызначаць кантактную асобу з ліку супрацоўнікаў міліцыі для камунікацыі з назіральнікамі/-цамі, СМІ, арганізатарамі і ўдзельнікамі/-цамі мірных сходаў;

Суб'ектам, якія валодаюць правам заканадаўчай ініцыятывы:

  • ініцыяваць змены ў заканадаўстве з мэтай прывядзення яго ў адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі ў галіне свабоды мірных сходаў.

Баранавіцкаму гарадскому выканаўчаму камітэту:

  • дазволіць правядзенне сходаў для перадвыбарчай агітацыі ва ўсіх зручных месцах горада, па прыкладу выбарчых кампаній 2015 і 2019 гадоў.

Арганізатарам і Баранавіцкаму гарадскому выканаўчаму камітэту:

  • прымаць меры па прафілактыцы распаўсюду каранавіруснай інфекцыі.

Каментары