Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Дзмітрыеў сустрэўся з выбаршчыкамі ў Оршы, а мітынг за Ціханоўскую - адмяніўся

Хаця на гэтых выбарах ажно пяць кандыдатаў, непасрэдна сустракаюцца з выбарцамі толькі двое з іх: Святлана Ціханоўская на вулічных мітынгах і Андрэй Дзмітрыеў у памяшканнях.

Як паведамляе orsha.eu, у пятніцу 31 ліпеня з аршанцамі сустрэўся Андрэй Дзмітрыеў. Сустрэча праходзіла ў сціплым памяшканні актавай залі СШ №17. Людзей прыйшло трохі больш за 30 чалавек, і для такой залі было адчуванне, што яна амаль запоўненая. Прыйшлі паслухаць кандыдата і сябры выбарчых камісіяў.

Калі Ціханоўская на сваіх сустрэчах шмат гаворыць пра палітыку, то Дзмітрыеў найбольш гаварыў пра эканоміку, сыплючы лічбамі і шмат распавядаючы пра свае карысныя знаёмствы з вядомымі на ўвесь свет палітыкамі ды эканамістамі.

Дзмітрыеў каротка выступіў перад прысутнамі і хутка перайшоў да пытанняў з залі. Адказваў на пытанні ён вельмі пераканаўча. 

У той час, як агітацыйныя пікеты і мітынгі ў падтрымку Святланы Ціханоўскай ідуць па ўсёй краіне без перашкодаў, аршанскія чыноўнікі вырашылі стаць першымі ў забаронах: мітынг, які мусіў прайсці днём 2 жніўня ў парку герояў, быў абвешчаны несанкцыянаваным і ў выніку не адбыўся.

Справа ў тым, што заяўку на гэты пікет падавала Вольга Кавалькова, якая разам з Ціханоўскай аб'язжала Брэсцкую вобласць. Аршанскія ж чыноўнікі палічылі, што яна павінна сама прысутнічаць на мерапрыемстве, а без яе прысутнасці мітынг становіцца несанкцыянаваным. Але гэта спрэчная трактоўка закону, бо ён не прапісвае непасрэднай прысутнасці, аднак абавязвае заяўніка забяспечыць парадак на мерапрыемстве. І ў гэтым спрэчнасць сітуацыі: ці можа чалавек без уласнай прысутнасці забяспечыць арганізацыйныя пытанні? Давераныя асобы Ціханоўскай з Оршы таксама прыходзілі ў выканкам і прапаноўвалі падаць заяўку ад свайго імя, тады чыноўнікі сказалі, што гэтага не патрабуецца, але непасрэдна перад мітынгам у парк герояў прыйшла цэлая дэлегацыя выканкамаўцаў і абвесціла мітынг не санкцыянаваным.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"


Каментары