Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Юрыст Павел Сапелка пра тонкасці і падводныя камяні датэрміновага галасавання

Архивное фото: sovadmin.gov.by
Архивное фото: sovadmin.gov.by

Эксперт кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары", юрыст Павел Сапелка каментуе публікацыю на сайце Беларускай Рэспубліканскай калегіі адвакатаў аб тым, ці законна заклікаць грамадзян ігнараваць датэрміновае галасаванне?

На сайце Беларускай Рэспубліканскай калегіі адвакатаў палічылі дарэчным пракансультаваць грамадзян не толькі, скажам, аб аліментах, але і аб выбарчых правах. Праўда, пачалі не з таго, каб распавесці аб светлых і чыстых прынцыпах, на якіх павінна быць заснавана выбарчая сістэма, што было б дарэчы для арганізацыі, якая ставіць перад сабой амбіцыйныя мэты «ажыццяўлення і абароны правоў, свабод і інтарэсаў фізічных і юрыдычных асоб».

Юрысты вырашылі прайсціся па тонкасцях асобных відаў галасавання, і "разабралі" датэрміновае галасаванне - з нечаканага ракурсу, у форме ацэнкі заклікаў дэмакратычных ініцыятыў не ўдзельнічаць у датэрміновым галасаванні.

Задаўшыся пытаннем "Ці законна заклікаць грамадзян ігнараваць датэрміновае галасаванне?", аўтар пасля цытавання некалькіх палажэнняў Выбарчага кодэкса прыходзіць да высновы, што "датэрміновае галасаванне - гэта законнае права грамадзян, і кожны вырашае для сябе самастойна, ці жадае ён галасаваць датэрмінова, альбо ў дзень выбараў. Пры гэтым, абгрунтоўваць для выбарчай камісіі прычыну, па якой выбаршчык не можа прыйсці ў памяшканне для галасавання ў дзень выбараў, не патрабуецца. Такім чынам, заклікі ігнараваць датэрміновае галасаванне не адпавядаюць заканадаўству".

Эксперт кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары", юрыст Павел Сапелка цалкам не згодны з тым, што заклікі ігнараваць датэрміновае галасаванне не адпавядаюць заканадаўству. І вось чаму.

Павел Сапелка
Юрыст Павел Сапелка. Фота: ПЦ "Вясна".

"Ну што ж, чыталі і мы той жа самы кодэкс, таму - паехалі:

Артыкул 53 ВК (датэрміновае галасаванне на выбарах, рэферэндуме): "Выбаршчык, удзельнік рэферэндуму, які не мае магчымасці ў дзень выбараў, рэферэндуму знаходзіцца па месцы свайго жыхарства...» - пачакайце, няўжо розніца не відавочная: у законе - «які не мае магчымасці знаходзіцца па месцы свайго жыхарства" , у фантазіях аўтара - "вырашае для сябе самастойна, жадае ён галасаваць датэрмінова, альбо ў дзень выбараў"? Дык зразумела: калі можна падмануць камісію і сказаць, што ў дзень галасавання ты не маеш магчымасці знаходзіцца па месцы свайго жыхарства - то можна галасаваць датэрмінова, прынамсі, як адзначае аўтар "тлумачэння" - "абгрунтоўваць для выбарчай камісіі прычыну, па якой выбаршчык не можа прыйсці ў памяшканне для галасавання ў дзень выбараў, не патрабуецца». І зноў жа - пачакайце: а ў законе-то напісана крыху не так: афіцыйнага пацверджання прычын немагчымасці выбаршчыка (так-так, так і напісана) прыйсці ў памяшканне для галасавання ў дзень выбараў, не патрабуецца.

Наогул жа зразумела  і даступна патлумачылі людзям адвакаты: прыйдзі, змані, калі спатрэбіцца, у цябе ўсё роўна ніхто не запатрабуе дакументы.

"Такім чынам, заклікі ігнараваць датэрміновае галасаванне не адпавядаюць заканадаўству" : а што значыць "не адпавядае заканадаўству", паставім пытанне рубам?Хацелася б адказаць неяк проста, але проста тут не атрымаецца. Не паглыбляючыся, можна прывесці прыклад выкарыстання гэтага тэрміна ў праве: напрыклад, здзелка прызнаецца не адпавядаючай заканадаўству, калі парушаныя нейкія імператыўныя, абавязковыя правілы пры яе заключэнні. А якую імператыўную норму парушае заклік «ігнараваць датэрміновае галасаванне»? Не шукайце, такой нормы няма. Максімум да чаго дадумаліся нашы заканадаўцы ў гэтым накірунку - гэта артыкул 47 ВК з забаронай заклікаў, якія падахвочваюць або маюць сваёй мэтай падахвочванне да зрыву, або адмены, або пераносу тэрміну выбараў, рэферэндуму, прызначаных у адпаведнасці з заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь і крытыкуемае палажэнне ч.1 арт. 49 ВК аб магчымасці прыцягнення да адказнасці асоб, якія распаўсюджваюць заклікі, якія падахвочваюць або маюць сваёй мэтай заахвоціць да адмовы ад здзяйснення выбарчых дзеянняў. Не ад датэрміновага галасавання, а ад здзяйснення выбарчых дзеянняў, г. зн. якія заклікаюць да байкоту выбараў.

Чаму, дарэчы, крытыкуемае? Таму што супярэчыць ратыфікаванай Беларуссю Канвенцыі краін-удзельніц СНД "АБ стандартах дэмакратычных выбараў, выбарчых правоў і свабод", падпісанай у г. Кішынёве 7 кастрычніка 2002 года, па якой грамадзяне могуць свабодна ажыццяўляць свае выбарчыя правы і свабоды, і толькі асобы і органы, дзейнасць якіх накіраваная на перашкоды свабоднаму ажыццяўленню грамадзянінам яго выбарчых правоў і свабод, павінны пераследвацца па законе.

"Стоп-загон". Датэрміновае галасаванне – не Абавязак, а Права кожнага

Датэрміновае галасаванне на выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь будзе праходзіць з 4 па 8 жніўня. Менавіта ў гэты час назіральнікамі фіксуюцца шматлікія факты прымусу прагаласаваць раней. Практычна на кожных выбарах у Беларусі маюць месца гэтак званыя “ЗАГОНЫ”.

А наогул, чым не падабаецца датэрміновае галасаванне і чаму падвяргаецца крытыцы? Тым, што ва ўмовах агульнага нізкага ўзроўню даверу да выбарчай сістэмы і органаў гэты від галасавання як ніякі іншы схільны прымяненню рознага роду махінацый - ад няправільнага ўліку яўкі выбаршчыкаў і "загону" да маніпуляцый з бюлетэнямі. Яўка чамусьці перманентна завышаецца, а вынікі датэрміновага галасавання амаль ніяк не выдзяляюцца ад агульных вынікаў.

Таму, калі дапаможны, увогуле, від галасавання ахоплівае (калі браць тры апошнія кампаніі) на прэзідэнцкіх выбарах ад 28% (у 2010-м) да 36 % (у 2015-м), а на парламенцкіх выбарах – ад 35% (у 2012 г.) да амаль 47% у 2019 годзе ад тых, хто прагаласаваў, то ёсць падстава задумацца, па-першае, а ці законна гэта? А па-другое - навошта гэта настойліва прасоўваецца і навязваецца ўладамі? І толькі не трэба ківаць на досвед спелых дэмакратый, дзе вынікам выбараў людзі давяраюць; калі наша стане такой жа, да ацэнкі датэрміновых выбараў можна будзе вярнуцца.

Дарэчы, ёсць ідэя для наступнага опусу: яшчэ адзін від галасавання, які можна ацаніць па «методыцы» адвакацкага сайта: галасаванне па месцы знаходжання выбаршчыка: "участковая камісія абавязаная забяспечыць магчымасць удзельнічаць у галасаванні выбаршчыкам, якія па стане здароўя або па іншых уважлівых прычынах не змогуць прыйсці ў дзень выбараў, у памяшканне для галасавання». І, увага, "адвакаты" альтэрнатыўных відаў галасавання: "афіцыйнага пацверджання прычын немагчымасці прыйсці ў памяшканне для галасавання не патрабуецца". Карацей, калі камусьці лянота хадзіць на ўчасткі, тэлефануйце ў камісіі, няхай яны пабегаюць са скрынямі наперавес у дзень галасавання. Гэта, праўда, не так зручна для камісій, як датэрміновае галасаванне, але прагуляцца па ўчастку са скрыняй і пачкам бюлетэняў пад пахамі таксама цалкам сабе карысна для здароўя. Галоўнае - не забыцца папярэдзіць выбаршчыкаў пра нешта такое, накшталт: "такім чынам, заклікі ігнараваць галасаванне па месцы знаходжання выбаршчыка не адпавядаюць заканадаўству".

А наогул, лепш бы адвакацкае самакіраванне нагадала уладам і выбаршчыкам з згаданай Канвенцыі, што стандартамі дэмакратычных выбараў з'яўляюцца:

права грамадзяніна абіраць і быць абраным у органы дзяржаўнай улады;

прынцыпы перыядычнасці і абавязковасці, справядлівасці, сапраўднасці і свабоды выбараў на аснове ўсеагульнага роўнага выбарчага права пры таемным галасаванні, якія забяспечваюць свабоду волевыяўлення выбаршчыкаў;

адкрыты і галосны характар выбараў;

ажыццяўленне судовай і іншай абароны выбарчых правоў і свабод чалавека і грамадзяніна, грамадскага і міжнароднага назірання за выбарамі;

гарантыі рэалізацыі выбарчых правоў і свабод удзельнікаў выбарчага працэсу.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары".


Каментары