Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Віцебскі аблсуд не задаволіў сем скаргаў на штрафы за "ланцуг салідарнасці"

Як паведамляе "Віцебская Вясна", у Віцебскім абласным судзе 29 ліпеня разглядаліся скаргі актывістаў на пастановы раённых судоў, якія пакаралі іх штрафамі за ўдзел у перадвыбарчых пікетаваннях (арт. 23.34 КаАП), у тым ліку – у "ланцугу салідарнасці" ў Віцебску. Скаргі разглядалі суддзі Святлана Іванова і Ірына Смалякова. Ніводная скарга не была задаволеная.

abskardzanne_sud_vitebsk.jpg
Судовае пасяджэнне ў Віцебскім абласным судзе. Фота з сайта "Віцебскай Вясны"

Актывісты і сябры ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай у Віцебску Юлія БарсуковаАляксандар МацяюкАляксей СаламаненкаТаццяна СевярынецТаццяна Філімонава і Алег Паўлаў, а таксама наваполацкая актывістка Алена Радзькова даводзілі ў скаргах, што былі пакараныя штрафамі несправядліва, бо заканадаўства аб масавых мерапрыемствах не парушалі – бралі ўдзел у цалкам законных пікетаваннях па збору подпісаў.

У сувязі з гэтым прасілі скасаваць іх адміністрацыйныя справы.

Суддзя Ірына Смалякова ў хуткасным рэжыме разгледзела скаргі Юліі Барсуковай, Алены Радзьковай і Таццяны Філімонавай. Пастановы райсудоў пакінула без зменаў, а скаргі – без задавальнення.

Суддзя Святлана Іванова, у сваю чаргу, не задаволіла скаргі Аляксандра Мацеюка, Аляксея Саламаненкі і Алега Паўлава. Між тым, выслухаўшы довады актывісткі Таццяны Севярынец, пастанавіла "скасціць" ёй штраф амаль напалову: з 35 да 20 базавых велічынь.

Актывістка БХД і давераная асоба Святланы Ціханоўскай у Віцебскай вобласці Таццяна Севярынец была аштрафаваная 1 ліпеня судом Першамайскага раёну за ўдзел у "ланцугу салідарнасці" на 35 базавых велічынь. У абласным судзе яна заявіла, што "была б радая ўзяць у той дзень удзел у "ланцугу", але ж не паспела".

Новая тэндэнцыя: напярэдадні выбараў віцебскія суддзі (і не толькі ў абласным судзе) пачалі задавальняць хадайніцтвы ўдзельнікаў працэсу аб вядзенні відэаздымкаў падчас паседжання.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"


Каментары