У Ваўкавыску да сябраў ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыка прыйшла міліцыя: аглядаюць іх жыллё
У дом сябра ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыка-ваўкавыскага прадпрымальніка Аляксандра Навасада — прыйшла міліцыя з пастановай аб аглядзе. Пра гэта TUT.BY распавёў яго знаёмы — Станіслаў Бацвін. Таксама агляд прайшоў яшчэ ў адной жыхаркі Ваўкавыска — Тамары Бясько.
"Аляксандр у 9.47 даслаў мне паведамленне, што да яго прыйшлі. Я даў яму кантакты юрыстаў", — распавёў Станіслаў.
Аляксандр Навасад — мясцовы прадпрымальнік. На вуліцы Жолудзева раённага цэнтра ў яго кропка хуткага харчавання. Па інфармацыі знаёмых Аляксандра, там таксама зараз міліцыя.
Аляксандр даслаў сваім знаёмым відэа, з якога зразумела, што агляд праходзіць у рамках адміністрацыйнай справы паводле арт.23. 24 КаАП — «Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў». Мяркуючы з пастановы, мужчыну абвінавачваюць у тым, што 28 ліпеня а 00.28 ён распаўсюджваў на адной з вуліц Ваўкавыска ўлёткі, на якіх адсутнічаюць наклад і выходныя звесткі. У міліцыю па гэтым факце прыйшла ананімка.
З аглядам да Аляксандра прыйшоў мясцовы ўчастковы міліцыянт. Пастанову аб аглядзе падпісана пракурорам Ваўкавыскага раёна.
Па словах знаёмых Аляксандра, у доме ў яго быццам бы знайшлі 600 тых самых улётак. Якога зместу — пакуль не вядома.
З самім Навасадам TUT.BY пакуль звязацца не ўдалося.
У Тамары Бясько таксама прайшоў агляд дома — і таксама ў сувязі з тым, што яна нібыта гэтай жа ноччу распаўсюджвала ўлёткі. Жанчына распавядае, што міліцыянты, якія прыйшлі да яе, былі ветлівыя і карэктныя. У яе канфіскавалі ўлёткі ў падтрымку Святланы Ціханоўскай і матэрыялы ініцыятыўнай групы "Сумленныя людзі". Тамара не хавае: распаўсюджвала ўлёткі, але рабіла усё ў рамках заканадаўства.
"Вядома, не ноччу ўсё адбывалася. Я раніцай ўстаю вельмі рана, а ўначы сплю. Сёння яшчэ да прыходу міліцыянтаў паспела ўсе вокны ў доме памыць. Улёткі ж я паспела распаўсюдзіць толькі дзве — у мясцовым аддзяленні пошты. Прытым спытала ў супрацоўніцы, ці магу я гэта зрабіць. Яна сказала, што так. І мы разам у кутку, дзе напісана пра выбары, пакінулі ўлётку. Другую аднесла ў мясцовы магазін. Прычым перад гэтым я паглядзела пастанову Ваўкавыскага райвыканкама, дзе і як можна распаўсюджваць агітацыйныя матэрыялы. Я ўсё рабіла днём у адпаведнасці з гэтай пастановай. Я ж "бабарыкінская", а Віктар Дзмітрыевіч што казаў? "Мы дзейнічаем у рамках закона — і тады да нас таксама павінны ўжываць законныя метады", — кажа Тамара.