Агітацыя ў дзяржаўных СМІ Гарадзеншчыны. Аналіз ад назіральніка Рамана Юргеля
Назіральнік кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Раман Юргель прааналізаваў, ці роўныя ўмовы перадвыбарчай агітацыі маюць усе кандыдаты ў прэзідэнты.
Факты гавораць самі за сябе. Вось пра што пішуць гарадзенскія праўладныя газеты:
"У Гародні працягвае працу грамадская прыёмная РГА «Белая Русь» у якасці прыёмнай кандыдата Аляксандра Лукашэнкі. Усяго ў рэгіёне працуюць 18 падобных грамадскіх прыёмных. 17 - у раённых цэнтрах і яшчэ адна ў самой Гародні".
"У Гародні грамадская прыёмная прымае грамадзян у офісе Гродзенскай абласной арганізацыі РГА "Белая Русь". Такія грамадскія прыёмныя пашырылі свае графікі работы, пачынаючы з 15 ліпеня.
Прычым прыём у іх вядуць не толькі давераныя асобы кандыдата Аляксандра Лукашэнкі, а чамусці і ў свой працоўны час нават чыноўнікі Гарадзенскага аблвыканкама.
Давераныя асобы Лукашэнкі Усевалад Янчэўскі (дырэктар Адміністрацыі ПВТ), Аляксандр Шышко (сябра Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу РБ, старшыня СВК «Азёры» Гродзенскага раёна), Ірына Кітурка (рэктар ГрГУ, дэпутат Гарадзенскага аблсавету дэпутатаў), выкарыстоўваючы рэсурс «Белай Русі» штодня наведваюць гарады вобласці і праводзяць прыёмы грамадзян у іх.
Таксама спланаваныя загадзя праводзяцца і сустрэчы з працоўнымі калектывамі Гродзеншчыны. Дэпутаты парламента Ірына Луканская, Алена Патапава, Лілія Кір'як, старшыня Гродзенскага гарсавета Фёдараў, дэпутаты аблсавету, чыноўнікі аблвыканкама Віктар Пранюк і Руслан Абрамчык таксама па графіку вядуць прыём грамадзян у прыёмных. «Гродзенская праўда» публікуе інфармацыю на сваім сайце і ў газеце, хто і дзе праводзіць сутречы .
На сайце Гарадзенскага аблвыканкаму з пачатку этапу перадвыбарчай агітацыі больш за ўсё пішуць толькі пра сустрэчы чыноўнікаў, вертыкалі ўлады з работнікамі працоўных калектываў па Гарадзенскай вобласці, на якіх размаўляюць пра дасягненні за 20 гадоў і аб «правільным» выбары ў дні галасавання.
У абласной «Гродзенскай праўдзе» ў рубрыках «Сустрэчы з працоўнымі калектывамі», як прыклад - «.. зрабіць правільны выбар да 9 жніўня ..» . У гэтай рубрыцы публікуюцца ўласныя артыкулы і перадрукоўваюць артыкулы з раённых газет пра сустрэчы з працоўнымі калектывамі вобласці высокіх чыноўнікаў, сенатараў, дэпутатаў... І ўсе з яўнай прапагандай дасягненняў аднаго кандыдата. А ў рубрыцы «Меркаванні» дык яшчэ некаторыя палохаюць «каляровымі рэвалюцыямі» і негатыўна адклікаюцца пра альтэрнатыўных кандыдатаў з пачатку выбарчай кампаніі.
Дзейнасць створаных Гродзенскім аблвыканкамам і ў райвыканкамах інфармацыйна-прапагандысцкіх груп асвячаецца ў раённых газетах райвыканкамаў. Праца інфармацыйна-прапагандысцкіх груп па Гарадзенскай вобласці ў гэтыя выбары стала насіць схаваны прапагандыскі характар за аднаго чалавека.
У раённых газетах, кшталту «Ашмянскі веснік», «Астравецкая газета». пра гэта згадваецца асабліва часта, так як было і у 2019-м годзе падчас парламенцкай кампаніі.
У перадвыбарнай агітацыі кандыдатаў у прэзідэнты паводле выбарчага заканадаўства павінны выконвацца роўныя ўмовы. Пакуль толькі застаецца канстатаваць, што для аднаго з кандыдатаў задзейнічаны ўвесь адміністрацыйны рэсурс вертыкалі выканаўчай і заканадаўчай улады, увесь прапагандысцкі рэсурс і праўладныя грамадскія арганізацыі.
20 і 21 ліпеня ў грамадскіх прыёмных «Белай Русі», размешчаных у Гродне і па ўсёй тэрыторыі Гродзеншчыны , вельмі актыўна праходзілі сустрэчы з грамадзянамі «па асабістых пытаннях» і адкрытыя гутаркі з працоўнымі калектывамі і інш. Іх вялі давераныя асобы кандыдата ў Прэзідэнты, а таксама прадстаўнікі заканадаўчай і выканаўчай галін улады.
Вось 3 паказальныя гісторыі «на тэму»:
“Зэльва і Бераставіца Вялікая. Давераная асоба Аляксандра Лукашэнкі, сенатар, старшыня СВК «Азёры» Аляксандр Шышко сустрэўся з калектывам Зэльвенскага прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Ён прысвяціў свой выступ выніках, якіх дабілася Беларусь на цяперашнім этапе свайго развіцця, дасягненняў у розных галінах эканомік і, сацыяльнай сферы і палітыцы. Аляксандр Мікалаевіч выказаў перакананне, што наша краіна і надалей будзе паспяхова развівацца, ідучы па выбраным шляху. Акрамя таго, сенатар заклікаў прысутных прыйсці на выбарчыя ўчасткі ў дзень га лосования і зрабіць свой выбар. Аналагічныя сустрэчы прайшлі з калектывамі раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, ясляў-сада №4 гарадскога пасёлка Зэльва, а таксама жыхарамі аграгарадка Бародзічы і гарадскога пасёлка Вялікая Бераставіца. У ходзе сустрэч Аляксандр Шышко адказаў на пытанні, якія цікавяць грамадзян. А. Шышко гарантаваў, што ўсе пытанні, якія паступілі ён возьме на кантроль і дапаможа з іх рашэннем.
“Гудагай і Астравец. Дырэктар Адміністрацыі Парку высокіх тэхналогій, давераная асоба нашага кандыдата ў Прэзідэнты Усевалад Янчэўскі сустрэўся з працоўным калектывам сельгаспрадпрыемства «Гудагай». «Калі ёсць ідэі, прапановы, крытыка, якія тычацца самых розных пытанняў і праблем, або просьбы, дзе патрабуецца дапамога Кіраўніка дзяржавы, можна іх агучыць», - пачаў сустрэчу Усевалад Янчэўскі , заклікаючы людзей да дыялогу. Дыялог тут жа і пачаўся. У яго ходзе гаворка зайшла пра дзяржаву і ролі простага чалавека ў яго фармаванні і ўмацаванні, падыходзе прэзідэнта да стратэгічных пытанняў. «Дзяржаўная палітыка ў Рэспубліцы Беларусь накіравана на захаванне працоўных месцаў», - адзначыў Усевалад Янчэўскі ў прыватнасці. У гэты ж дзень Усевалад Янчэўскі сустрэўся таксама з работнікамі Астравецкага лясгаса і калектывам сярэдняй школы № 3”.
“У офісе абласной “Белай Русі" асабісты прыём грамадзян правёў член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Ігар Гедзіч. Па выніку сенатар распавёў, што большасць пытанняў, звернутых да яго, былі звязаны з праблемамі дарожнага будаўніцтва, добраўпарадкавання тэрыторыі і ў цэлым - ЖКГ. У некаторых населеных пунктах Гродзеншчыны жыхароў пачатак хвалюе якасць вады. Задача такіх прыёмаў вядомая і нязменная: дапамагчы ў аператыўным парадку вырашыць людзям праблемы. Праўда, ёсць і складаныя пытанні, якія патрабуюць пэўных стратэгічных рашэнняў, фінансавых рэсурсаў і будуць вырашацца паэтапна”.
Распаўсюджваецца мноства матэрыялаў з заклікам ад вядомых персон, якія таксама агітуюць выключна за аднаго кандыдата. Зразумела, што кожная давераная асоба агітуе за свайго. Але друкуюцца заклікі не давераных асоб усіх кандыдатаў, а толькі давераных асоб аднаго.
Такім чынам, мы бачым выкарыстанне ўсяго інфармацыйнага рэсурсу дзяржаўных СМІ на аднаго кандыдата.