Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

ЦВК дадаткова патлумачыў, як будуць працаваць назіральнікі на выбарах

Аналітыкі кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары" лічаць, што апублікаваныя Рэкамендацыі ЦВК па абмежаванні колькасці назіральнікаў на ўчастках для галасавання робяць выбарчы працэс закрытым для незалежнага назірання і парушаюць адзін з асноўных прынцыпаў правядзення дэмакратычных выбараў – галоснасць пры правядзенні выбараў.

Што канкрэтна прапануе ЦВК?

Участковая выбарчая камісія складае два графікі прысутнасці назіральнікаў на ўчастках для галасавання: для перыяду датэрміновага галасавання і непасрэдна для дня выбараў.

У графіку для датэрміновага галасавання кожны з дзён галасавання (4 – 8 жніўня 2020 г.) дзеліцца на два перыяды:

з 10.00 да 14.00 і з 16.00 да 19.00.

Дзень выбараў 9 жніўня 2020 г. дзеліцца на перыяды:

з 8.00 да 15.00 і з 15.00 да заканчэння падліку галасоў.

У названыя графікі ўносяцца звесткі, атрыманыя шляхам апытання па тэлефоне назіральнікаў аб даце і перыядзе ажыццяўлення імі сваіх функцый. Апытанне праводзіцца зыходзячы з чарговасці акрэдытацыі назіральнікаў ва ўчастковай камісіі. З улікам гэтага пры складанні графіка на перыяд датэрміновага галасавання тром першым у спісе акрэдытаваных назіральнікаў прадастаўляецца магчымасць выбраць дату і перыяд (даты і перыяды) ажыццяўлення назірання, тыя, што засталіся даты і перыяды прапануюцца наступным назіральнікам.

Аналагічным спосабам складаецца графік на 9 жніўня 2020 г., прымаючы пад увагу магчымасць прысутнасці не трох, а пяці назіральнікаў.

Дадзены парадак прымяняецца толькі на тых участках для галасавання, дзе колькасць акрэдытаваных назіральнікаў перавышае квоты, устаноўленыя Цэнтральнай камісіяй.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары” патрабуюць забяспечыць галоснасць пры галасаванні і падліку галасоў

Згодна са зменамі на перыяд сёлетняй выбарчай кампаніі ўстаноўлены абмежаванні па колькасці назіральнікаў, якія могуць знаходзіцца на ўчастку для галасавання: да 5 назіральнікаў – у асноўны дзень галасавання, да 3 – у перыяд датэрміновага галасавання.

 Нагадаем, 22 ліпеня ЦВК зацвердзіла Пастанову № 115 “Аб унясенні зменаў у пастанову ЦВК ад 8 мая 2020 г. № 15”.  Згодна з дадзенай пастановай у мэтах прафілактыкі распаўсюду каранавіруснай інфекцыі былі ўведзеныя абмежаванні па колькасці назіральнікаў на ўчастках для галасавання і ў тэрытарыяльных выбарчых камісіях пры прыёме пратаколаў з УВК.

Указанае патрабаванне не распаўсюджваецца на замежных (міжнародных) назіральнікаў, дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу і членаў Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў, а таксама давераных асобаў, якія маюць права прысутнічаць на любым участку для галасвання па адным на кожным.

Таксама гэтыя абмежаванні не закранулі прадстаўнікоў СМІ.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары".


Каментары