Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

"Мне ўжо не страшна". Мітынг Ціханоўскай у Гомелі сабраў 10 тысяч чалавек

Не менш за 10 тысяч чалавек, паводле ацэнак назіральнікаў, сабралася ўвечары 26 ліпеня ў Гомелі на перадвыбарчы мітынг кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Святланы Ціханоўскай. Пра гэта пішуць naviny.by.

vstrecha_s_tikhanovskoy_gomel.jpg
Перадвыбарчы мітынг Святланы Ціханоўскай у Гомелі. Фота БелаПАН

Выступаючы на ім, кандыдат распавяла пра свайго мужа — вядомага блогера Сяргея Ціханоўскага, які цяпер знаходзіцца ў следчым ізалятары ў Мінску за сваю грамадзянскую пазіцыю. Ціханоўская падкрэсліла, што Гомель — родны горад Сяргея, адсюль ён пачаў сваю дзейнасць.

Кандыдатка ў прэзідэнты распавяла, што хавала ад сваіх дзяцей — дзесяцігадовага сына і чатырохгадовай дачкі, якія цяпер знаходзяцца ў адной з еўрапейскіх краін, — інфармацыю пра тое, што іх бацька знаходзіцца пад вартай.

"Але нядаўна мой старэйшы сын паглядзеў па youtube мой выступ. Ён напісаў мне: "Мама, з табой усё ў парадку? Мне шкада цябе. Мне страшна за цябе". Я не хачу жыць у краіне, у якой страшна жыць. Я хачу жыць у роднай краіне, дзе не страшна жыць, не страшна казаць", — заявіла Ціханоўская.

vstrecha_s_tikhanovskoy_gomel2.jpg
Выступ Святланы Ціханоўскай на перадвыбарным мітынгу ў Гомелі. Фота БелаПАН
vstrecha_s_tikhanovskoy_gomel3.jpg
Перадвыбарчы мітынг Святланы Ціханоўскай у Гомелі. Фота БелаПАН
vstrecha_s_tikhanovskoy_gomel5.jpg
Перадвыбарчы мітынг Святланы Ціханоўскай у Гомелі. Фота БелаПАН

Кандыдат у прэзідэнты ў чарговы раз падкрэсліла, што яна — не палітык, яе мэта ў гэтай кампаніі — перамагчы для наступнага правядзення "крышталёва празрыстых, сумленных, справядлівых выбараў".

Па словах Ціханоўскай, зняўшы з выбараў трох найбольш моцных прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта — Сяргея Ціханоўскага, Віктара Бабарыку і Валерыя Цапкалу, улады не ўлічылі, што за "кожным моцным мужчынам стаіць моцная жанчына".

"Ох, я стамілася. Я хачу быць са сваім мужам, і нават хачу смажыць свае катлеты", - прызналася са сцэны кандыдат у прэзідэнты.

У адказ на гэтыя словы людзі закрычалі: "трымайся, малайчына!».

"Я прайду гэты шлях, які мне даў лёс, я выканаю сваю місію і пайду ў бок", - паабяцала Святлана Ціханоўская.

vstrecha_s_tikhanovskoy_gomel4.jpg
Перадвыбарчы мітынг Святланы Ціханоўскай у Гомелі. Фота БелаПАН

У гутарцы з журналістамі яна адзначыла, што спачатку баялася публічных выступаў. Але калі прыходзяць людзі і "падтрымліваюць, аддаюць сваё цяпло — мне ўжо не страшна", дадала кандыдат.

На пытанне аб стане свайго мужа ў СІЗА, яна паведаміла, што ён ведае пра падзеі ў краіне, верыць у беларусаў і перамены, а таксама ўдзячны за лісты і падтрымку.

"Пішыце лісты ўсім палітвязням", — заклікала Ціханоўская.

vstrecha_s_tikhanovskoy_gomel6.jpg
Перадвыбарчы мітынг Святланы Ціханоўскай у Гомелі. Фота БелаПАН
vstrecha_s_tikhanovskoy_gomel7.jpg
Перадвыбарчы мітынг Святланы Ціханоўскай у Гомелі. Фота TUT.BY
vstrecha_s_tikhanovskoy_gomel8.jpg
Перадвыбарчы мітынг Святланы Ціханоўскай у Гомелі. Фота TUT.BY

З наступнай серады аб'яднаны штаб Святланы Ціханоўскай, Віктара Бабарыки і Валерыя Цапкалы працягне паездкі па краіне. На кожны дзень у іх запланавана па тры мітынгі ў розных гарадах.

"Вельмі складана. Але калі ты выходзіш на сцэну, разумееш, дзеля чаго ты гэта робіш, адчуваеш каласальную падтрымку, энергетыку", — дадала кандыдат у прэзідэнты.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"


Каментары