Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Гродна: Назіральніку абяцалі паведаміць пра трэнінгі для УВК у той момант, калі іх ужо правялі

Гарадзенскія назіральнікі кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары”, адсочваючы кожны этап выбарчай кампаніі, імкнуліся патрапіць і на трэнінгі, якія арганізоўваюцца для старшынь участковых выбарчых камісій.

Андрэй Коця. Фота
Андрэй Коця. Фота "Радыё Свабода"

Назіральнік Андрэй Коця, які падаў пісьмовую заяўку ў Гарадзенскую раённую камісію па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь з просьбай дапусціць яго на такія трэнінгі, атрымаў нечаканы пісьмовы адказ. У лісце з камісіі паведамляецца, што трэнінгі ўжо прайшлі з 1-га па 15-га ліпеня.

Нечаканасцю такі змест адказу з камісіі стаў таму, што за некалькі дзён да гэтага, калі назіральнік пытаўся ў сяброў камісіі пра дату гэтых трэнінгаў, яму адказалі, што інфармацыю яму абавязкова паведамяць - скажуць, як прыйдзе час гэтых трэнінгаў, і пра час і месца іх правядзення напішуць на сайце выканкаму.

І раптам камісія апярэдзіла сама сябе. Не паспелі паведаміць назіральніку пра трэнінгі, як іх ужо паспелі правесці.

Аналагічнага адказу чакае і назіральніца па Кастрычніцкай ТВК Гародні Святлана Рудкоўская, якой па тэлефоне паведамілі, што афіцыйны адказ выслалі поштай.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"


Каментары