Перадвыбарчы пікет Ціханоўскай у Брэсце прайшоў у парку Воінаў-інтэрнацыяналістаў
25 ліпеня ў Брэсце на алеі каля сцэны ў парку Воінаў-інтэрнацыяналістаў тысячы гараджан сабраліся на пікеце ў падтрымку Святланы Ціханоўскай.
Як паведамляе "Брестская газета", на самім мітынгу кандыдата ў прэзідэнты не было: Ціханоўская і прадстаўнікі штабоў Віктара Бабарыкі і Валерыя Цапкалы ў гэты дзень наведвалі іншыя гарады - Оршу, Магілёў і Бабруйск.
Выступалі на сцэне давераныя асобы кандыдата Ціханоўскай - Уладзімір Мароз і Зінаіда Міхнюк. З самага пачатку арганізатары абвясцілі, што ў гэты дзень будзе свабодны мікрафон: выказацца дадуць усім ахвотным. Часцей за ўсё выступоўцы ўздымалі тэмы сумленных выбараў і патрабавалі выпусціць палітычных зняволеных.
Падчас пікету людзі скандавалі лозунгі ў падтрымку палітвязняў - "Выпускай!" , а таксама "Верым, можам, пераможам!». Некаторыя з іх прыйшлі не толькі з бел-чырвона-белымі сцягамі, але і з плакатамі ў падтрымку арыштаваных берасцейскіх блогераў «Народнага рэпарцёра» Сяргея Пятрухіна і Аляксандра Кабанава.
Мерапрыемства доўжылася 3 гадзіны і сабрала каля 2,5 тысячы чалавек.