Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

"Ціханоўская звяртаецца да народа, а прэзідэнт — да вайскоўцаў". Як прайшоў мітынг "Светы" ў Оршы

У Оршы мітынг кандыдата ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай і прадстаўніц аб'яднанага штаба Веранікі Цапкала і Марыі Калеснікавай пачаўся апоўдні 25 ліпеня, піша TUT.BY. У парку Герояў каля Кургана неўміручасці сабралася больш за тысячу чалавек.

vstrecha_s_tikhanovskoy_orsha2.jpg
Мітынг Святланы Ціханоўскай у Оршы. Фота з сайта orsha.eu

Пляцоўка для сустрэчы, як і напярэдадні ў Віцебску, была нязручнай, і ўсе людзі са сцэны не праглядаліся.

— Прывітанне, Орша! Вітаю вас, сябры! — звярнулася да гараджан Святлана Ціханоўская. — Я хачу сказаць некалькі слоў тут, у Оршы, менавіта па-беларуску. Бо гэты горад беларусы заўсёды згадваюць з гонарам. Нас падзяляюць на захад і ўсход. Нас падзяляюць, каб раз’яднаць. Але ў нас усіх адзіная мэта — новыя сумленныя выбары. І мы пацвердзім 9 жніўня, што жыве Беларусь!

vstrecha_s_tikhanovskoy_orsha0.jpg
Святлана Ціханоўская на мітынгу ў Оршы. Фота з сайта orsha.eu

Пасля гэтага Святлана перайшла на рускую. Яна нагадала пра тое, што яе муж Сяргей Ціханоўскі знаходзіцца ў СІЗА — за свае палітычныя погляды:

— А дзесьці па суседстве з ім сядзіць ваш зямляк — Дзмітрый Казлоў, блогер Шэры кот. Яны знаходзяцца ў турме, таму што вырашылі сказаць людзям праўду. Яны — вязні сумлення, яны — палітвязьні. На сваім прыкладзе яны даказалі, што Канстытуцыя ў нашай краіне не працуе.

Святлана падзякавала беларусам за тое, што яны ёй пішуць словы падтрымкі:

— Дзякуй вам за народную творчасць. Вы столькі смешнага пішаце. Сёння ўбачыла паведамленне: Ціханоўская звяртаецца да народа, а дзеючы прэзідэнт — да вайскоўцаў. Усе разумеюць сэнс гэтага выказвання. Але я таксама звяртаюся да вайскоўцаў. І я не думаю, што яны хочуць біць беларусаў. Таму што сярод беларусаў іх маці, бацькі, жонкі, дзеці, браты, сёстры. І я звяртаюся да ваенных: вы — беларусы, і мы — беларусы. Не сутыкайце нас ілбамі.

На выступ Святланы людзі рэагавалі вельмі пазітыўна і эмацыйна, яны гучна апладзіравалі, скандавалі розныя фразы, падпявалі пад песню гурта Кіно "Перамен", паведамляе orsha.eu.

vstrecha_s_tikhanovskoy_orsha1.jpg
Мітынг Святланы Ціханоўскай у Оршы. Фота з сайта orsha.eu

Мітынг у Оршы доўжыўся крыху больш за гадзіну. У канцы сустрэчы Святлана Ціханоўская павіншавала работнікаў МНС — 25 ліпеня яны адзначаюць прафесійнае свята.

Пасля феерычнага мітынгу, на якім прысутнічала кандыдат у прэзідэнты Святлана Ціханоўская, палітычная актыўнасць у рэгіёне не спыняецца, піша orsha.eu. Давераныя асобы самага папулярнага кандыдата пачынаюць свае сустрэчы з выбаршчыкамі. Другі мітынг у падтрымку Святланы Ціханоўскай адбудзецца ў Парку Герояў сёння, 26 ліпеня. Гэтым разам выступяць давераныя асобы. А ўвечары ў панядзелак група давераных асобаў прыбудзе ў Дуброўна, дзе сустрэча адбудзецца з 17:00 да 19:00 па вуліцы Аршанская, 2-а.

28 ліпеня мітынг у падтрымку Ціханоўскай таксама пройдзе ў Талачыне з 17: 00 да 19: 00 на стадыёне "Меліяратар".

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"


Каментары