“Аб’яднаны штаб” Ціханоўскай наведаў Віцебшчыну
24 ліпеня аб’яднаны штаб, у які ўваходзіць кандыдат у прэзідэнты Святлана Ціханоўская, яе паплечніцы Марыя Калеснікава з каманды Віктара Бабарыкі і Вераніка Цапкала, наведаў Глыбокае, Наваполацк і Віцебск.
Глыбокае
З 13.30 да 14.30 сустрэча Святланы Ціханоўскай з выбаршчыкамі ў межах агітацыйнай кампаніі адбылася ў Глыбокім на пляцоўцы каля “Белмаркета”. Людзі, якія прыйшлі, сустрэлі каманду Ціханоўскай вельмі цёпла: было шмат кветак, белых і чырвоных шарыкаў. Жанчын сустракалі воклічамі: “Малайчына, Святлана!”, “Жыве Беларусь!”
Па падліках доўгатэрміновай назіральніцы кампаніі “Праваабронцы за свабодныя выбары” Ганны Мартыноўскай, падчас пікету колькасць сабраўшыхся вар’іравался да 2 000 чалавек: людзі прыходзілі і сыходзілі, бо ў многіх быў абедзенны перапынак.
Наваполацк
Як паведамляе TUT.BY, улады Наваполацка дазволілі мітынг на ўваходзе ў гарадскі парк культуры і адпачынку на вуліцы Паркавай. Ён павінен быў пачацца ў 16.30, але каманда спазнілася амаль на паўгадзіны.
Сабралася вельмі шмат гараджан - па розных ацэнках, да 3 тысяч чалавек. І людзі яшчэ падыходзілі і падыходзілі. Гэта і моладзь, і людзі старэйшага ўзросту. У некаторых у руках бел-чырвона-белыя сцягі.
Перад пачаткам мітынгу да месца збору людзей прыехала тэхніка камунальнікаў. Яны тлумачылі гараджанам, што ім трэба тэрмінова спілаваць дрэва, паведамляе партал gorod214.by.
Ціханоўскую, Цапкала, Калеснікаву сустрэлі апладысментамі і гучным ухвальным гулам, а таксама крыкамі: «Света! Света! Света!».
Віцебск
У 19.00 агітацыйны сход распачаўся ў Віцебску ў парку Чыгуначнікаў. "Жаночы трыўмвірат" у Віцебску сустрэлі не менш за тры тысячы чалавек, паведамляе TUT.BY. Людзі атачылі сцэну з усіх бакоў вялікім кольцам. Многія прыйшлі з БЧБ-сцягамі, плакатамі "Верам, можам, пераможам!", "Віцебск разам!"
Ціханоўскую, Калеснікаву і Цапкала сустрэлі аглушальнымі апладысментамі. Святлана Ціханоўская пачала свой выступ з таго, што выбачылася за ўладу, якая вызначыла для сустрэч нязручныя пляцоўкі.
— Мне так шкада, што нам выдалі вось такія нязручныя пляцоўкі, што вас вельмі шмат, але я ўсіх не бачу. Мне вельмі шкада, але працуем з тым, што маем. Я разумею, што гэта зроблена спецыяльна, — сказала Ціханоўская.
Між тым, колькасць людзей павялічылася: іх, па падліках журналістаў, у парку было каля васьмі тысяч.
Стаў вядомы расклад паездак Святланы на 25 ліпеня. У суботу ў Віцебскім рэгіёне яна сустрэнецца з жыхарамі Оршы - у 12.00. Акрамя таго, апублікаваныя анонсы сустрэч з даверанымі асобамі Святланы Ціханоўскай: 25 ліпеня - у Бешанковічах, Докшыцах, Лепелі; 26 ліпеня - у Лёзна, Гарадку і Шуміліна.