Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Ужо дакладна. 9 жніўня інфацэнтра ЦВК для журналістаў не будзе

Ілюстрацыйнае фота "Праваабаронцы за свабодныя выбары"
Ілюстрацыйнае фота "Праваабаронцы за свабодныя выбары"

Цэнтрвыбаркам не будзе запускаць у дзень выбараў, 9 жніўня, традыцыйны вялікі Інфацэнтр для прадстаўнікоў СМІ ў малой зале Палаца рэспублікі. У Доме ўрада будуць працаваць дзяржСМІ, астатніх журналістаў не пусцяць з-за эпідэміялагічнай абстаноўкі. Прэс-канфэрэнцыя Лідзіі Ярмошынай для ўсіх СМІ пройдзе раніцай 10 жніўня, піша TUT.BY.

Нагадаем, што ЦВК з-за эпідэміялагічнай абстаноўкі можа не запусціць традыцыйны вялікі прэс-цэнтр у дзень выбараў, стала вядома ў пачатку ліпеня. Але тады ў Цэнтрвыбаркаме казалі, што рашэнне не канчатковае.

24 ліпеня Нацыянальны Прэс-цэнтр запусціў акрэдытацыю для журналістаў на брыфінг кіраўніцтва ЦВК па выніках выбараў прэзідэнта, а таксама прэс-канферэнцыі місій міжнародных назіральнікаў, якія пройдуць у малой зале Палаца Рэспублікі 10 жніўня.

Як растлумачылі TUT.BY у ЦВК, канчатковае рашэнне прынята: вялікага прэс-цэнтра 9 жніўня не будзе.

"Было прынята рашэнне інфармацыйны цэнтр у традыцыйным фармаце ў Палацы рэспублікі не ствараць, а абмежавацца працай па выдачы інфармацыі з Дома ўрада. 9 жніўня праца будзе ісці з Дома ўрада з асноўнымі сродкамі масавай інфармацыі, усё будзе транслявацца на сайце Белтэлерадыёкампаніі, БЕЛТА і "СБ". Гэта тыя СМІ, якія могуць забяспечыць трансляцыі на афіцыйныя рэсурсы. А ўжо ў панядзелак, 10 жніўня, застаецца традыцыйны фармат працы: будзе брыфінг кіраўніцтва ЦВК і прэс-канферэнцыі місій міжнародных назіральнікаў з прысутнасцю журналістаў як нацыянальных, так і замежных", — растлумачыў TUT.BY намеснік загадчыка аддзела прававой, аналітычнай і метадычнай работы ЦВК Іван Талкач.

На пытанне, ці будуць агучаныя папярэднія вынікі галасавання пасля паўночы, у ЦВК адказалі:

"Безумоўна. Уся інфармацыя, якая выдавалася кіраўніцтвам ЦВК у традыцыйным прэс-цэнтры, будзе выдавацца і цяпер, і нават трохі больш. Проста каб не збіраць у Палацы Рэспублікі шмат людзей, прынятае рашэнне аб такім фармаце".

Традыцыйна ў дзень прэзідэнцкіх і парламенцкіх выбараў у малой зале Палаца Рэспублікі на цэлы дзень разгортваўся прэс-цэнтр для журналістаў і беларускіх, і замежных СМІ. Увечары да журналістаў кожныя дзве-тры гадзіны выходзіла Лідзія Ярмошына і агучвала свежыя звесткі аб ходзе галасавання, закрыцці ўчасткаў, якія паступілі скаргах, адказвала на пытанні журналістаў і нават каментавала, што пішуць у сацсетках у дзень выбараў. Пасля паўночы Лідзія Міхайлаўна давала апошнюю прэс-канферэнцыю, падчас якой аб'яўляла першыя папярэднія вынікі выбараў і адказвала на пытанні журналістаў.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары".


Каментары