Еўрасаюз заклікаў Беларусь вызваліць ўсіх палітычных актывістаў
Еўропа занепакоеная сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі і заклікае вызваліць палітычных актывістаў. Пра гэта піша TUT.BY са спасылкай на сустрэчу высокапастаўленых чыноўнікаў Еўрасаюза і афіцыйнай беларускай дэлегацыі.
У чацвер, 23 ліпеня, у Брусэлі адбылася пазачарговая Каардынацыйная сустрэча Беларусь-ЕС. Беларускую дэлегацыю ўзначальваў намеснік кіраўніка МЗС Алег Краўчанка, дэлегацыю Еўрасаюза — намеснік кіраўніка дырэктара Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў па справах Еўропы і Цэнтральнай Азіі Люк Дэвінь.
"У цэнтры дыскусій была сітуацыя ў галіне правоў чалавека і дэмакратыі ў кантэксце прэзідэнцкіх выбараў, якія пройдуць у Беларусі 9 жніўня", — гаворыцца ў паведамленні прадстаўніцтва ЕС у Беларусі.
ЕС зноў выказаў занепакоенасць з нагоды невыканання Беларуссю асноўных свабод "і, відаць, адвольнага выключэння кандыдатаў з выбарчага працэсу".
Еўрасаюз заклікаў Беларусь вызваліць усіх адвольна затрыманых палітычных актывістаў, забяспечыць ім доступ да адваката, а таксама правесці ва ўсіх выпадках справядлівае, бесстаронняе і празрыстае расследаванне.
Выказаўшы шкадаванне з нагоды адсутнасці на выбарах назіральнікаў БДІПЧ АБСЭ, Еўрасаюз заклікаў Мінск "выконваць міжнародныя выбарчыя стандарты на працягу ўсёй астатняй часткі выбарчага працэсу".
Таксама падчас сустрэчы былі абмеркаваныя стан і перспектывы двухбаковых адносінаў Беларусі і ЕС, удзел нашай краіны ва Усходнім партнёрстве, супрацоўніцтва ў сферы ядзернай бяспекі, а таксама выдзяленне Еўрасаюзам дапамогі Беларусі на пераадоленне наступстваў распаўсюджвання каранавіруснай інфекцыі.
"У гэты ж дзень намеснік кіраўніка беларускага знешнепалітычнага ведамства сустрэўся са спецыяльным прадстаўніком ЕС па правах чалавека Эйманам Гілмарам. У цэнтры ўвагі гутаркі стаў ход прэзідэнцкай кампаніі ў Рэспубліцы Беларусь. Пацверджана ўзаемная зацікаўленасць у працягу кантактаў у сферы правоў чалавека, у тым ліку ў мэтах абмеркавання праблемных пытанняў", — паведаміла прэс-служба беларускага МЗС.