Гомель: на выбарчых участках небывалы наплыў назіральнікаў
Доўгатэрміновы назіральнік кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары", акрэдытаваны ў Савецкім раённым выбаркаме Гомеля Леанід Судаленка паспрабаваў атрымаць акрэдытацыю на ўчастку для галасавання 22 ліпеня, у дзень прыняцця паправак, якія абмяжоўваюць колькасць назіральнікаў на выбарчых участках. Пра гэта піша "Гомельская вясна".
Са слоў сакратара раённага выбаркама Алы Андрушчанка, устаноўленая квота ў пяць назіральнікаў на адзін участак ужо вычарпаная, да канца працоўнага дня 22 ліпеня на ўчастку раёна №52 зарэгістраваліся ажно 10 назіральнікаў.
Такі "высокі конкурс" па два чалавекі на адно месца назіральнік называе штучным. На ягоную думку, улада кінула ўсе сілы на тое, каб не дапусціць незалежных назіральнікаў на падлік галасоў выбаршчыкаў.
"Участак, на якім я традыцыйна назіраю, размешчаны практычна на ўскраіне горада ў памяшканні гарадскога ліцэя. На выбарах любога ўзроўню тут раней ніколі не назіраўся падобны ажыятаж з назіраннем. Няма ніякіх сумневаў, што ўлада загадзя запісала падкантрольных ёй назіральнікаў ад афіцыйных прафсаюзаў, БРСМ, Белай Русі, працоўных калектываў", - заявіў незалежны назіральнік.
З яго слоў, прынятыя Цэнтрвыбаркамам папраўкі прама супярэчаць канстытуцыйным гарантыям адкрытасці і галоснасці выбараў (артыкул 65 Канстытуцыі), і такім чынам, робяць прэзідэнцкія выбары нелегітымнымі.
Леанід Судаленка таксама ўспамінае парламенцкія выбары восенню мінулага года, калі на выбарчым участку акрамя яго прысутнічалі некалькі назіральнікаў.
"На фота выразна відаць, як лічылі галасы выбаршчыкаў на маім участку. Назіральнікі не маглі чуць і бачыць колькасць тых, хто прагаласаваў па кожным кандыдаце. Я тады падаў скаргу, а мне ў адказ, што ўсе іншыя назіральнікі і давераныя асобы кандыдатаў заяў і скаргаў аб парушэннях не падавалі, значыць, іх не было", - пракаментаваў мінулыя выбары незалежны назіральнік.
Нагадаем, 22 ліпеня Цэнтрвыбаркам прыняў папраўкі ў раней прынятае Палажэнне аб парадку назірання за выбарамі, па якім на выбарчым участку максімальна можа прысутнічаць не больш за 5 назіральнікаў, права прысутнасці якіх вызначаецца чарговасцю іх акрэдытацыі ва ўчастковым выбаркаме.