Смаргонь: магчымасці агітацыі за Лукашэнку і іншых кандыдатаў — у розных вагавых катэгорыях
Калі параўнаць магчымасці агітацыі за кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Лукашэнку і астатніх кандыдатаў, то яны, выкарыстоўваючы спартовую тэрміналогію, знаходзяцца ў розных вагавых катэгорыях. У гэтым упэўнены назіральнік кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” са Смаргоні Алесь Дзергачоў. Ён прааналізаваў, як праходзіць агітацыя за розных кандыдатаў у горадзе.
Паводле публікацыі ў Смаргонскай раёнцы “Светлы шлях” ад 17 ліпеня 2020 года, у офісе Смаргонскай раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” арганізавана грамадская прыёмная кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Лукашэнкі, куды перамясцілі сваю дзейнасць адразу 10 дэпутатаў Смаргонскага раённага Савета дэпутатаў.
Як паведамляе сайт Смаргонскага райвыканкама, з 20 ліпеня дэпутатат Палаты прадстаўнікоў Віктар Свіла на фоне дэклараванага як быццам аслаблення каронавіруса, якое супала з пачаткам агітацыйнай кампаніі, таксама пайшоў у народ Смаргоншчыны і Астравеччыны, каб распавесці пра дасягненні ў будаўніцтве і планах цяперашняй улады, ролі ў гэтым яе і прэзідэнта, “які дзейнічае па свайму, раней выверанаму плану”. І робіць дэпутат сваю працу са спадзяваннем, што смаргонскія і астравецкія выбаршчыкі “зробяць правільны выбар”.
Таксама сайт Смаргонскага райвыканкама паведамляе, што 21 ліпеня яшчэ адзін дэпутат, член пастаяннай камісіі Савета рэспублікі Нацынальнага сходу Віктар Сняжыцкі сустрэўся з працоўнымі калектывамі Смаргонскай цэнтральнай раённай бальніцы і Цэнтра культуры. І зноў жа акцэнтаваў ўвагу на дасягненнях у будаўніцтве і развіцці аб’ектаў аховы здароўя, каб “медычная дапамога была не толькі якаснай, але і максімальна даступнай”.
У той жа час першае агітацыйнае мерапрыемства за Святлану Ціханоўскую арганізавалі самі выбаршчыкі. Яно прайшло 23 ліпеня ў памяшканні Смаргонскага дзяржаўнага палітэхнічнага прафесійнага ліцэя.
Выбаршчыкі Смаргоні самастойна замовілі залу і запрасілі на яго іншых выбаршчыкаў. Прысутнічала на сустрэчы каля 80 чалавек, што для такога фармату мерапрыемства даволі шмат.
Прысутных не спужаў той факт, што ўваход быў магчымы толькі па пашпартах, з якіх дадзеныя запісваліся ў журнал рэгістрацыі наведвальнікаў ліцэя. З нагоды перапісвання прысутных назіральнік Алесь Дзергачоў зрабіў заўвагу дырэктару ліцэя Наталлі Ліпавой. Але тая працэс не спыніла і рэкамендавала скардзіцца ў раённую выбарчую камісію.
Арганізатары выкарысталі ненавязлівую форму вядзення мерапрыемства. Спачатку прапанавалі кожнаму занатаваць уласную мару і мару для горада праз год. Потым трошкі засяродзілі ўвагу прысутных на мэце кандыдата ў выпадку абрання у хуткім часе правесці новыя, дэмакратычныя выбары.
Тут жа пачалася дыскусія, як забяспечыць агульнымі намаганнямі назіранне, каб 9 жніўня адбыўся сумленны падлік галасоў. Шмат хто выказаў жаданне ўдзельнічаць у назіранні за выбарамі ў выбарчых камісіях па месцы жыхарства.
Адзіны ў Смаргонскім раёне незалежны сябар выбарчай камісіі №2 Вольга Петунова гарантавала прысутным сумленны падлік вынікаў галасавання на выбарчым участку.
На сустрэчы было анансавана чарговае мерапрыемства, якое мае адбыцца 25 ліпеня.