Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Гімн павінен гучаць на ўчастку, а партрэт Лукашэнкі – лепш не трэба. Як прайшоў трэнінг для УВК

Назіральніца кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Ірына Траццякова распавяла, як праходзіў трэнінг "Cвабодныя, дэмакратычныя выбары – празрыстыя працэдуры" для "троек" участковых выбарчых камісій у Віцебску.

Трэнінг праходзіў у адной з аўдыторый Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. Машэрава і доўжыўся 50 хвілін. З прысутных у ахоўнай масцы была толькі сама Ірына Траццякова, пры гэтым людзі сядзелі ў аўдыторыі "плячом да пляча", без сацыяльнага дыстанцыявання. Назіральніца адзначыла, што некаторыя з прысутных кашлялі.

Трэнінг праводзіла старшыня Першамайскай раённай камісіі Святлана Дарашчэнка: мадэляваліся сітуацыі з метадычак Цэнтрвыбаркама, праглядаліся відэа-задачы, праводзіліся ролевыя гульні з загадзя падрыхтаванымі членамі УВК, паўтараліся моманты, як павінен быць абсталяваны выбарчы ўчастак, якія існуюць этапы галасавання, надавалася ўвага памылкам, дапушчаным у перыяд правядзення парламенцкіх выбараў.

"Нязменныя члены УВК апавясцілі, што "атрыбутыка нашай, непасрэдна, Рэспублікі – гэта гімн" і ён павінен гучаць на ўчастку для галасавання. "Далікатным" пытаннем з'явілася наяўнасць "партрэта дзеючага прэзідэнта", але было сказана, што яму "не трэба знаходзіцца на ўчастку, каб не ствараць самарэкламу, каб пазбегнуць асабістых пытанняў да сябе, як да кіраўніка", – падзялілася ўражаннямі Ірына Траццякова.

Таксама назіральніца адзначыла, што падчас трэнінгу дэманстравалася відэа сітуацыі, дзе адной з дзеючых асобаў быў назіральнік.

"Нават голас акцёра, яго інтанацыя і паводзіны псіхалагічна непрыемныя пры праглядзе", – падкрэсліла Ірына Траццякова.

Яна лічыць, што гэта зроблена наўмысна, каб дыскрэдытаваць назіральнікаў. Наогул, найважнейшай часткай так званага навучання было, як засцерагчы сябе ад назіральнікаў. У прыватнасці, пры галасаванні па месцы знаходжання выбаршчыка іх неабходна пакідаць на лесвічнай пляцоўцы.

Таксама былі разабраныя сітуацыі і парадак дзеянняў членаў камісій пры выкліку супрацоўнікаў міліцыі, складанні пратаколаў, напісанні заяў членамі камісіі і пазбаўленні акрэдытацыі назіральнікаў. Вядучыя трэнінгу агучылі, што "ў свядомасці кожнага члена камісіі павінна быць Пастанова" аб колькасці назіральнікаў у дні датэрміновага галасавання (максімум 3 чалавекі) і ў асноўны дзень (максімум 5 чалавек).

Належная ўвага была нададзеная і ўдзелу ў выбарах людзей з інваліднасцю на ўчастках, але ні слова не было сказана пра безбар'ернае асяроддзе.

"У аўдыторыі панаваў лёгкі гул "старых добрых сяброў", атмасфера летняга лагера, своеасаблівая штогадовая "сустрэча выпускнікоў", – распавяла Ірына Траццякова.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"


Каментары