Супрацоўнікі дзіцячых садоў вырашаць зыход выбараў прэзідэнта ў "Новай Баравой"
Памятаеце гісторыю з нечаканай пратэстнай акцыяй у прыгарадзе Мінска – вёсцы Копішча? 14 ліпеня жыхары невялікага мікрараёна, які ўшчыльную прымыкае да горада, больш вядомага пад камерцыйнай назвай жылога комплексу – "Новая Баравая", выйшлі на вуліцу, пратэстуючы супраць рашэння ЦВК аб нерэгістрацыі кандыдатамі ў прэзідэнты Віктара Бабарыкі і Валерыя Цапкалы.
Раён сучасны, з досыць сацыяльна аднастайным насельніцтвам, нядрэнным узроўнем жыцця і палітычна актыўнымі і прасунутымі жыхарамі. Цікава, з якімі вынікамі прагаласуе гэты раён? А вось гэтага, на жаль, можна і не даведацца.
Юрыст ПЦ "Вясна" Павел Сапелка прааналізаваў склад участковых камісій у мікрараёне.
Два ўчасткі на тэрыторыі "Новай Баравой" – дзве камісіі, сфармаваныя па вытворчаму прынцыпу, які вельмі крытыкуецца назіральнікамі за выбарамі. На папярэдніх "сонных" выбарах у парламент усё прайшло паважна і ціха. Як выйдзе цяпер?
Другі Капішчанскі ўчастак для галасавання № 26 – дзіцячы сад № 3 в. Копішча.
Сфарміравана камісія колькасцю 10 чалавек, чацвёра з якіх вылучаныя грамадзянамі шляхам падачы заяў, па адным – РГА "Беларускі дзіцячы фонд", ГА БРСМ, ГА "Белая Русь", Беларускім прафсаюзам работнікаў адукацыі і навукі, ГА "Беларускі саюз жанчын". Быццам бы разнастайна, але – склад камісіі практычна паўтарае спісачны склад персаналу дзіцячага саду:
Арыновіч М. – выхавальніца
*Бароўская Т. – загадчыца гаспадаркай дзіцячага саду
Жогла М. – музычны кіраўнік
*Загорская Т. – выхавальніца
Камейка А. – музычны кіраўнік
Кашчэнка К. – выхавальніца
*Матусевіч Т. – загадчыца дзіцячым садам
*Новік В. – кіраўнік фізічнага выхавання
*Смірнова П. – выхавальніца
*Галамака Н. – настаўніца гісторыі Бараўлянскай СШ №2, якая мае нядрэнны вопыт працы ў камісіях.
Так, у 2016 г. яна ўваходзіла ва ўчастковую выбарчую камісію ў Ляскоўцы па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання. Там жа, у Ляскоўцы – член камісія на мясцовых выбарах. Пазней у в. Копішча пабудаваўся дзіцячы сад, і Наталлю Галамака вылучылі дапамагчы неспрактыкаванаму калектыву і прызначылі сакратаром камісіі на парламенцкіх выбарах у 2019 годзе. А цяпер, у адказны момант, яна займае пасаду старшыні камісіі. "Падыграе" ёй намеснік – музычны кіраўнік садка Аксана Камейка, а загадчыца Таццяна Матусевіч выканае сціплую, але адказную функцыю сакратара камісіі.
Пазначаныя * выконваюць сваю пачэсную місію другі раз. Да гэтага на парламенцкіх выбарах 2019 года ў камісіі працавалі яшчэ Курака Т. (выхавальніца), Лаўрэцкая А. (нам. загадчыцы), Мыслівец М. і Брэль Г. Апошняя раней працавала з Наталляй Галамака на ўчастку ў Ляскоўцы: у 2016 г. на парламенцкіх і ў 2018 г. на мясцовых выбарах.
Сайт «Сумленных людзей» сцвярджае, што як мінімум 11 чалавек вылучаліся ў гэтую камісію, але ўсё беспаспяхова.
Не моцна адрозніваецца сітуацыя на трэцім Капішчанскім участку для галасавання № 27 – дзіцячы сад № 2 в. Копішча.
Тут сфарміраваная камісія колькасцю 10 чалавек, шасцёра з якіх вылучаныя грамадзянамі шляхам падачы заяў, па адным – РГА "Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа", ГА "Белая Русь", Беларускім прафсаюзам работнікаў адукацыі і навукі, ГА "Беларускі саюз жанчын". Камісія таксама створана па вытворчым прынцыпе з персаналу дзіцячага саду.
*Аляшкевіч Д. – медсястра
Ганіч А. – музычны кіраўнік
Жагунь Т. – выхавальніца
*Логіс Н. – выхавальніца
Пятрова Н. В. – кіраўнік фізвыхавання
*Піліпейка В. Я. – намесніца загадчыцы
Пачатоўская Т. Г. – педагог-псіхолаг
*Рубчэня В. А. – выхавальніца
*Чырко А.
*Казакоў А., які дзве кампаніі запар – старшыня гэтай камісіі.
Апошнія, хутчэй за ўсё, не працуюць у дзіцячым садку, але ўжо другую кампанію ўзмацняюць калектыў камісіі.
На папярэдніх выбарах у камісіі працавалі акрамя пакінутых, пазначаных *, Банцэвіч Е. (выхавальніца), Казлова Д. (выхавальніца), Ліпень Д. (выхавальніца) і Храмцова Т. Апошняя – чалавек з вопытам работы на парламенцкіх выбарах 2016 года, вылучана тады была прафсаюзам работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў (у які ж яшчэ прафсаюз уваходзіць начальніку аддзела прадпрымальніцтва і інвестыцый Мінскага райвыканкама?) Шкада, не засталася ў камісіі ў гэтым годзе. А як жа ёй застацца, калі яе пасля намесніцтва на трэцім участку ў 2019 годзе прызначылі старшынёй камісіі чацвёртага Капішчанскага ўчастка ў 2020?
І так, чацвёра "сумленных людзей", якія прэтэндавалі на месца ў камісіі, засталіся ні з чым.
Вось так настроеныя выбарчыя інструменты ўладаў да жнівеньскіх выбараў. Ці атрымаецца ў іх справіцца з задачай?