Гомель: На ўвесь раён – адна школа для сустрэч з выбаршчыкамі, у гарвыканкаме не бачаць праблемы
Назіральнік кампаніі “Праваабронцы за свабодныя выбары” Віктар Адзіночанка звярнуўся да старшыні Гомельскага гарвыканкама па факце вызначэння месцаў у Цэнтальным раёне горада для ажыццяўлення перадвыбарнай агітацыі кандыдатамі ў прэзідэнты.
У звароце назіральнік піша, што ў раёне, дзе ён пражывае, у якасці памяшкання для сустрэч з выбаршчыкамі вызначаная адзіная актавая заля ў школе №72, а месцы для пікетаў – увогуле адсутнічаюць.
Віктар Адзіночанка адзначае, што асабіста ўпэўніўся ў тым, што школа знаходзіцца не ў цэнтры, да яе трэба ехаць, а потым ісці ад прыпынку грамадскага транспарту больш за 10 хвілін. Пры гэтым сама школа з прыпынку не бачная, яе трэба шукаць, а актавая зала можа ўмясціць не больш за 200 чалавек. Назіральнік мяркуе, што зацікаўленных у сустрэчы з кандыдатамі можа быць значна больш, бо пра гэта кажа колькасць сабраных ў Цэнтральным раёне Гомеля подпісаў.
“Таксама ў Цэнтральным раёне не вызначана ніводнага месца для масавых мерапрыемстваў з мэтай ажыццяўлення агітацыі. Між тым, пры зборы подпісаў каля ўнівермага “Гомель” увесь час стаялі чэргі, а па нядзелях адбываліся вялікія пікеты”, – падкрэсліў у сваім звароце Віктар Адзіночанка.
Ён адзначыў, што Цэнтральны раён Гомеля – гэта цэнтр горада, дзе ёсць шэраг зручных і вядомых усім месцаў для перадвыбарчых мерапрыемстваў. Назіральнік прасіў гарвыканкам растлумачыць, чым было абумоўлена прыняцце рашэнне аб вызначэнні адзінай актавай залі ў раёне, што не дае магчымасці правядзення поўнавартаснай агітацыйнай кампаніі, і ўказаў, што такое рашэнне парушае правы выбаршчыкаў (арт. 45 Выбарчага кодэкса).
Больш за тое, Віктар Адзіночанка звярнуў увагу Гомельскага гарвыканкама на тое, што ў адпаведнасці з арт. 49 (1) ВК яго зварот павінен быць разгледжаны ў трохдзённы тэрмін.
Даволі кароткі адказ ад дзяржустановы быў дадзены назіральніку толькі праз 11 дзён. У ім намеснік старшыні гарвыканкама Віталь Атаманчук адзначыў, што рашэнне аб вызначэнні месцаў для агітацыі ў Гомелі было прынятае ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам, а пералік месцаў быў вызначаны па ўзгадненні з Цэнтральнай раённай выбарчай камісіяй Гомеля.