Гарвыканкам патрабуе, каб "Бабруйскі кур'ер" выдаліў відэасюжэты пра выбары
У рэдакцыю "Бабруйскага кур'ера" прыйшоў ліст ад начальніцы аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Бабруйскага гарвыканкама Таццяна Гарбачовай з патрабаваннем прыбраць з сайта пяць відэаролікаў на тэму перадвыбарнай кампаніі. Аб гэтым паведамляецца на сайце выдання.
У відэароліках, якія гарадскія ўлады патрабуюць выдаліць, утрымліваюцца экспрэс-інтэрв'ю з бабруйчанамі - аб кандыдатах у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь і ходзе перадвыбарнай кампаніі. Начальніца аддзела ідэалагічнай працы сцвярджае, што, размясціўшы гэтыя матэрыялы, "Бабруйскі кур'ер" парушыў закон Рэспублікі Беларусь, а менавіта – арт. 9.28 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях.
Артыкул з'явіўся ў КаАП у 2012 годзе ў наступнай фармулёўцы:
1. Правядзенне даследаванняў і апублікаванне вынікаў апытанняў грамадскай думкі, якія адносяцца да грамадска-палітычнай сітуацыі ў краіне, рэспубліканскіх рэферэндумаў, выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, членаў Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, без атрымання адпаведнай акрэдытацыі – цягнуць накладанне штрафу ў памеры да дваццаці базавых велічынь, а на юрыдычную асобу – да ста базавых велічынь.
2. Тыя ж дзеянні, учыненыя паўторна на працягу аднаго года пасля накладання адміністрацыйнага спагнання за такія ж парушэнні, – цягнуць накладанне штрафу ў памеры ад дзесяці да пяцідзесяці базавых велічынь, а на юрыдычную асобу – ад дваццаці да двухсот базавых велічынь.
Гарвыканкам прыраўноўвае да даследавання грамадскага думкі і патрабуе выдаліць усе наступныя матэрыялы:
- "Праўленне Аляксандра Рыгоравіча трэба заканчваць". Бабруйчане аб прэтэндэнтах у кандыдаты ў прэзідэнты
- Што думаюць бабруйчане пра тое, як Лукашэнка паводзіць сябе з супернікамі на выбарах?
- Ісці да канца ці зняцца? Што раяць бабруйчане кандыдатам у прэзідэнты.
- Ці давяраюць бабруйчане ЦВК і Ярмошынай?
- Ці вераць бабруйчане, што іх голас нешта зменіць 9 жніўня?
"У выпадку, калі матэрыялы не будуць выдаленыя з інтэрнэт-рэсурсу babruysk.by, вымушаныя будзем ініцыяваць у дачыненні да Вас пачатак адміністрацыйнага працэсу", – рэзюмуе Таццяна Гарбачова ў сваім лісце.
Галоўны рэдактар "Бабруйскага кур'ера" Анатоль Санаценка лічыць патрабаванне аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Бабруйскага гарвыканкама незаконным, парушаючым – перш за ўсё – Канстытуцыю Беларусі. Матэрыялы, пералічаныя ў лісце, нельга адносіць да сацыялагічных даследаванняў, адзначае Анатоль Санаценка.
"Бабруйскі кур'ер" не з'яўляецца ўстановай, што праводзіць сацыялагічныя апытанні. Карэспандэнты, якія рыхтуюць для яго экспрэс-апытанні, гэта значыць – міні-інтэрв'ю грамадзянаў – апытваюць 5-9 чалавек, не з'яўляюцца сацыёлагамі, выконваюць выключна журналісцкія функцыі", – падкрэслівае галоўны рэдактар "БК".
Анатоль Санаценка спасылаецца на артыкул 34 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, які гарантуе грамадзянам Рэспублікі Беларусь права на атрыманне, захоўванне і распаўсюджванне поўнай, дакладнай і своечасовай інфармацыі аб дзейнасці дзяржаўных органаў, грамадскіх аб'яднанняў, аб палітычным, эканамічным, культурным і міжнародным жыцці, стане навакольнага асяроддзя.
"А артыкул 33 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь гарантуе кожнаму грамадзяніну свабоду меркаванняў, перакананняў і іх свабоднае выказванне. У тым жа артыкуле асноўнага закона Беларусі заканадаўца зафіксаваў: "Ніхто не можа быць прымушаны да выказвання сваіх перакананняў або адмовы ад іх. Манапалізацыя сродкаў масавай інфармацыі дзяржавай, грамадскімі аб'яднаннямі або асобнымі грамадзянамі, а таксама цэнзура не дапускаюцца", – кажа галоўны рэдактар партала.
Анатоль Санаценка падрыхтаваў зварот у пракуратуру, у якім просіць прыняць меры пракурорскага рэагавання па абароне Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.