Агітацыйныя пікеты ў Магілёве: супрацьстаянне каманды Ціханоўскай і каманды Лукашэнкі
Першы пікет у падтрымку кандыдата ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай адбыўся ў Магілёве 18 ліпеня. На працягу чатырох гадзін людзі падыходзілі на пляцоўку перад Лядовым палацам. Пра гэта піша mspring.online.
Гэта не самае выгаднае месца для агітацыі. Усяго раённыя выбаркамы Магілёва абмежаваліся двума пляцоўкамі для кандыдатаў і іх штабоў. Акрамя Лядовага палаца, вылучэнцам прапануецца агітаваць яшчэ побач са спартыўным комплексам «Алімпіец». Тыя, хто жыве ў Магілёве, ведаюць, што гэтыя пляцоўкі, мякка кажучы, масавымі не з’яўляюцца.
Нягледзячы на гэта, за чатыры гадзіны на пікеце ў падтрымку Ціханоўскай пабывала, па падліках праваабаронцаў, каля 500-600 чалавек.
Сама Ціханоўская прыехаць на пікет не змагла. Замест яе "рулілі" давераныя асобы з Магілёва – сябры АГП Уладзімір Шанцаў і Таццяна Сівачэнка.
Пасля кароткага прывітання, Шанцаў і Сівачэнка прапанавалі магілёўцам выказацца ў адкрыты мікрафон. Усе выступоўцы заявілі пра незадаволенасць дзеючай уладай. Акрамя выступленняў магілёўцаў, была музычная праграма.
Людзей на мітынгу падтрымлівалі аўтамабілісты – яны сігналілі, калі праязджалі міма. Тых, хто падаваў гукавы сігнал, пазней спынялі супрацоўнікі ДАІ, якія дзяжурылі па ўсіх напрамках ад пікету.
На наступны дзень пасля пікета Ціханоўскай у цэнтры Магілёва прайшла "Моладзевая праграма #раЗАм". "Свята жыцця" арганізаваў БРСМ. За некалькі дзён да гэтага, арганізацыя абвясціла аб падтрымцы кандыдата і дзеючага прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі.
Праўладная моладзь зладзіла канцэрт у самым масавым месцы горада – побач з ГЦ "Атрыум". Раней на гэтым месцы выстройваліся ў “Ланцуг салідарнасці” і мірна пратэставалі супраць дзеючай улады прыхільнікі Ціханоўскай, Бабарыкі і Цапкалы. Зараз "апазіцыю" з цэнтра выгналі.
Напачатку, канцэрт БРСМ масавай акцыяй не быў. Толькі калі з аўтобуса выгрузілі некалькі дзясяткаў БРСМаўцаў у сініх майках са сцягамі, атрымалася адносна дастойная карцінка. Гэтыя хлопцы – удзельнікі "моладзевага цягніка #БеларусьМоладзьНатхненне". Яны будуць курсіраваць па ўсёй Беларусі.
Цвіком праграмы стаў выступ рэспубліканскага старшыні ГА БРСМ Зміцера Варанюка. Неверагоднае супадзенне, што Варанюк адначасова з’яўляецца і даверанай асобай Аляксандра Лукашэнкі на выбарах-2020.
Прамой агітацыі за Лукашэнку не было. Замест гэтага лідэр БРСМ заклікаў быць "за Беларусь". Гэты наратыў выкарыстоўваецца прыхільнікамі Лукашэнкі, паколькі менавіта Аляксандр Рыгоравіч, на іх думку, з’яўляецца гарантам спакою і шчасця ў нашай краіне. Мяркуючы па ўсім, штаб дзеючага прэзідэнта сам нават не збіраецца выкарыстоўваць тыя месцы для законнай агітацыі, якія ўлады выдзелілі апанентам Лукашэнкі.