Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Андрэй Дзмітрыеў заклікаў у Віцебску браць актыўны ўдзел у назіранні за выбарамі

Андрэй Дзмітрыеў на сустрэчы з выбаршчыкамі ў Віцебску
Андрэй Дзмітрыеў на сустрэчы з выбаршчыкамі ў Віцебску

19 ліпеня ў Віцебскай абласной бібліятэцы імя Ул. Леніна адбылася сустрэча з кандыдатам у прэзідэнты Андрэем Дзмітрыевым. Пабачыць яго і задаць пытанні прыйшлі каля 40 віцяблянаў. Пра гэта піша "Віцебская Вясна". 

Назіральніца кампаніі "Праваабронцы за свабодныя выбары" Ірына Траццякова паведаміла, што сустрэча першапачаткова была запланаваная працягласцю ў дзве гадзіны – з 17 да 19 гадзінаў, але па факце выявілася, што бібліятэка працуе да 18 гадзінаў, таму і сустрэча палітыка скарацілася. Назіральніца дадала, што на сустрэчы прысутнічалі прадстаўнікі СМІ, праваабронцы, актыўныя грамадзяне, якія былі заўважныя і раней, а выпадковых жыхароў – не назіралася. 

Андрэй Дзмітрыеў на сустрэчы з выбаршчыкамі ў Віцебску

Падчас сустрэчы Андрэй Дзмітрыеў агітаваў за актыўны ўдзел у кампаніі – "за галасаванне і назіранне". Але заявіў, што не збіраецца здымаць сваю кандыдатуру на карысць аб’яднанага штабу Ціханоўскай, хоць і падтрымлівае гэтае аб’яднанне. Выказаў гатоўнасць каардынаваць свае дзеянні. Палітык лічыць, што будзе правільна весці да канца сваю кампанію, бо гэта паспрыяе большай мабілізацыі выбарцаў. Гэткім чынам мяркуе дамагчыся альбо другога туру, альбо сітуацыі, калі можна будзе казаць пра фармаванне пераходнага ўраду.

"І наконт Ціханоўскай: пабачым яшчэ, хто дойдзе да бюлетэня галасавання. Бо я не ўпэўнены, ці дойдзе яна і ці дайду я. Не ўпэўнены, што не застанецца такі просты выбар: Лукашэнка і Канапацкая", – выказаў сумненні палітык.

Віцебская актывістка БХД і маці палітвязня Тацяна Севярынец запыталася ў Дзмітрыева, адкуль ён узяў больш за 100 тысяч галасоў, бо ў Віцебску ніхто не бачыў пікетаў сустаршыні арганізацыі "Гавары праўду". Андрэй Дзмітрыеў адказаў, што за гэтыя галасы ён спакойны: падчас збору подпісаў ягоная каманда рабіла стаўку на зборы "ад дзвярэй да дзвярэй", а не на пікеты.

dzmitryeu_vitebsk3.jpg
Андрэй Дзмітрыеў на сустрэчы з выбаршчыкамі. Фота з сайта "Віцебскай Вясны"

Падчас сустрэчы Дзьмітрыеў назваў гэтыя выбары "кампаніяй салідарнасці". Зазначыў, што сёння беларусаў мусіць аб’ядноўваць змаганне за вызваленне палітвязьняў:

"Тое, што зараз адбываецца з Сяргеем Ціханоўскім, не мае нічога агульнага з правасуддзем – гэта катаванні. Тое ж самае – з іншымі блогерамі, палітыкамі. І ўжо не важна, наколькі мы не супадаем у поглядах на звычайнае жыцьцё. Гэта ўжо не звычайнае жыццё. І мы мусім казаць, што свабода для палітвязняў – гэта адно з галоўных нашых патрабаванняў. І што мне падабаецца – усе альтэрнатыўныя кандыдаты кажуць пра гэта.

Ніхто не павінен сядзець у турме за свае палітычныя погляды".

Напрыканцы палітык раздаў удзельнікам сустрэчы паштоўкі, якія папрасіў накіраваць беларускім палітвязьням.

Дапоўнена

У першай палове дня Андрэй Дзмітрыеў праводзіў сустрэчу з выбаршчыкамі каля сцэнічнай пляцоўкі парка культуры і адпачынку работнікаў чыгункі, якая была вызначана для агітацыйных мерапрыемстваў Віцебскім гарвыканкамам. 

"Дадзенае месца інакш як памыйкай назваць нельга", - кажа назіральнік Павел Левінаў, які ўжо накіраваў зварот у гарвыканкам з патрабаваннем правесці прыборку пляцоўкі.

Аднак адказу на зварот назіральнік яшчэ не атрымаў, як і не было праведзена ніякага добраўпарадкавання тэрыторыі для агітацыі. 

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"


Каментары