Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

У Рэчыцы выканкам спрабуе прымусіць агітаваць за альтэрнатыўных кандыдатаў толькі ў працоўны час

15 ліпеня пасля абеду давераная асоба кандыдата на прэзідэнта Андрэя Дзмітрыева, абласны кіраўнік грамадскага аб’яднання «Гавары праўду» Алег Шабетнік падаў у Рэчыцкі райвыканкам паведамленне пра намер праводзіць пікетаванне штодня, пачынаючы ад 17 ліпеня з 8 да 22 гадзіны на адзінай ва ўсім Рэчыцкім раёне пляцоўцы для масавых агітацыйных мерапрыемстваў перад капліцай Еўфрасінні Полацкай.

pliacouka_rechica.jpg
Пляцоўка, на якой у Рэчыцы дазволеныя масавыя агітацыйныя мерапрыемствы.

Да 17 ліпеня аніякіх паведамляенняў ад выканкама Шабетніку не прыходзіла. Таму 17 ліпеня а 17 гадзіне прыхільнікі Андрэя Дзмітрыева выйшлі на пікет, пра які два дні таму паведамлялі выканкаму. Падчас пікетавання, каля 20 гадзіны да іх падыйшлі два супрацоўнікі міліцыі. Адзін з іх прадставіўся маёрам Дзмітрыем Свірыдэнкам, іншы ж проста прысутнічаў, не прадстаўляўся і не вёў аніякіх размоваў.

Як распавяла "Палескай Вясне" іншая давераная асоба Дзмітрыева Алена Лінкевіч, якая непасрэдна праводзіла пікет, Дзмітрый Свірыдэнка запатрабаваў ад агітатараў за Дзмітрыева дазвол на правядзенне пікету. Яны патлумачылі, што перадвыбарчыя агітацыйныя мерапрыемствы ў вызначаных рашэннямі выканкамаў месцах праводзяцца без дазволаў, а проста з паведамленнем мясцовым органам улады пра намер правесці мерапрыемства не пазней як за два дні да яго, што арганізатары пікету зрабілі. Міліцыянты сыйшлі ў свой аўтамабіль і хвілін 20 там камусьці тэлефанавалі. 

У гэты ж дзень каля 19 гадзіны экспрэс-поштай Шабетніку прывезлі ліст ад райвыканкама, падпісаны намеснікам старшыні Аляксандрам Горбачам. У ім Горбач ад імя райвыканкама паведамляе, што «ў сувязі з раней паступіўшым паведамленнем аб правядзенні агітацыйных пікетаў у падтрымку кандыдата ў Прэзідэнты» выканкам прапануе перанесці час правядзення пікетаў з 8.00 да 12.00. Выходная дата на гэтым лісце – 17 ліпеня.

Праз 20 хвілін міліцыянты зноў падыйшлі да пікетоўцаў і Дзмітрый Свірыдэнка заявіў агітатарам за Дзмітрыева, што на гэтае ж месца і на гэты ж час заяўленыя пікеты іншых кандыдатаў і выканкам не дазволіў ім у гэты час праводзіць пікет. У той жа час, на ўсёй плошчы перад капліцай Еўфрасінні Полацкай нікога падобнага на того, хто хоча агітаваць за нейкага кандыдата, не назіралася. Але міліцыянты настоялі на тым, каб пікетоўцы сыйшлі. Паколькі час ужо набліжаўся да 22 гадзіны, пікетоўцы яшчэ трохі пастаялі і звярнулі пікет.

18 ліпеня яны зноў праводзілі пікет на тым самым месцы. Ніякіх іншых пікетаў на гэтай плошчы не было.

Алег Шабетнік лічыць, што Рэчыцкі райвыканкам парушыў вызначаны выбарчым кодэксам тэрмін паведамлення пра змену часу пікету. Артыкул 45/1 кажа, што мясцовы орган улады абавязаны не пазней, як на наступны дзень пасля атрымання паведамлення аб намеры праводзіць масавыя мерапрыемствы, паведаміць іншае месца альбо час, калі на заяўленыя месца ці час раней пададзена паведамленне ад іншага кандыдата.

18 ліпеня Шабетнік наведаў райвыканкам і сустрэўся з Аляксандрам Горбачам, каб высветліць на чым грунтуюцца абмежаванні агітацыйнай кампаніі, якія спрабуе стварыць орган улады. Пратэрміноўку ў адказе Горбач патлумачыў тым, што, маўляў, яму на стол паведамленне ад Шабетніка прынеслі толькі раніцай 16 ліпеня. Ён яго разгледзеў і накіраваў адказ на наступны дзень, як прадугледжвае кодэкс.

«Горбач мне сказаў, што ён усё зрабіў паводле закона. На наступны дзень пасля таго, як сам пабачыў маё паведамленне. Але яму маглі прынесці і праз месяц. Тое, што ў выканкаме кепска працуе сістэма дакументазвароту па выбарах, не апраўдвае парушэнне закону. Тэрмін разгляду і паведамлення пра змену часу прамінулі. І гэтая прапанова выканкама, на мой погляд, не можа мець юрыдычнай сілы. Таму мы будзем кіравацца сваім паведамленнем, аспрэчвання якога ў вызначаны законам тэрмін мы не атрымалі. То бок – выходзіць пікетаваць у дазволенае месца ў любы час ад 8 да 22 гадзіны ў любы дзень. Выканкам мы абвясцілі пра гэта цалкам згодна з законам», – гаворыць Алег Шабетнік.

Ён таксама выказаў меркаванне, што такая запаздалая прапанова перанесці пікет за альтэрнатыўнага дзейнаму кіраўніку дзяржаўнага апарату кандадата на працоўны час, калі горад амаль пусты і людзі на працы, выклікана выключна намерам абмежаваць магчымасці агітацыі за альтэрнатыўных кандыдатаў.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"


Каментары