Як паўплываюць на працэс галасавання рэкамендацыі медыкаў: глядзім разам
Рэкамендацыі Міністэрства аховы здароўя па прадухіленні распаўсюду COVID-19 пад час выбараў накладаюць адбітак не толькі на дзейнасць сябраў участковых выбарчых камісій, але і на паводзіны выбаршчыкаў і назіральнікаў.
Адно з пытанняў, разгледжаных на на пасяджэнні Цэнтральнай выбарчай камісіі 14 ліпеня, тычылася забеспячэння выбарчых участкаў сродкамі медыцынскай абаронцы ва ўмовах COVID-19. Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына паведаміла, што сродкі на такія мерапрыемствы не выдзяляліся і нават з улікам эканоміі сродкаў, можна сабраць толькі траціну ад неабходнага.
У той жа дзень Міністэрства аховы здароўя апублікавала на сваім сайце Рэкамендацыі для прадухілення распаўсюджвання рэспіраторных інфекцый (у тым ліку COVID-19) пры правядзенні галасавання. Гэтыя Рэкамендацыі ўмоўна можна падзяліць на тры групы.
Рэкамендацыі сябрам УВК
Найперш, гэта забеспячэнне наяўнасці і выкарыстанне сябрамі ўчастковых камісій сродкаў абароны: маскі, пальчаткі, па магчымасці шчыткі, дэзінфікуючыя сродкі для апрацоўкі рук і паверхняў.
Прапануецца забяспечыць наяўнасць у месцах агульнага доступу (калідоры, фае і інш.) сродкаў для дэзінфекцыі і антысептыкаў для апрацоўкі рук, апрацоўкі аўтаручак антысептыкам пасля кожнага выбаршчыка.
Па магчымасці арганізаваць падзел патокаў выбаршчыкаў, якія ўваходзяць і выходзяць з участка, размясціўшы адпаведныя ўказальнікі на падлозе, дзвярах або сценах.
Таксама неабходна будзе апрацоўваць дэзінфікуючымі сродкамі дзвярных ручак, парэнчаў, паверхняў у кабінках для галасавання, сталоў і іншых кантактных паверхняў і арганізаваць рэгулярнае праветрыванне памяшканняў (без перапынення працэсу галасавання).
Рэкамендацыі выбаршчыкам
Выбаршчыкам пад час галасавання прапануецца прад'яўляць дакумент, які пацвярджае асобу, у разгорнутым выглядзе, дэманструючы неабходныя старонкі самастойна, без перадачы ў рукі сябру ўчастковай камісіі.
Рэкамендавана пры наведванні ўчастка для галасавання знаходзіцца ў сродках індывідуальнай абароны (маска, пальчаткі), а таксама выкарыстоўваць гэтыя сродкі пры арганізацыі для іх галасавання па месцы знаходжання (дома). Пры гэтым, па просьбе сябра камісіі выбаршчык павінен часова зняць маску і паказаць свой твар, каб быць ідэнтыфікаваным.
Выбаршчыкі павінны выкарыстоўваць уласныя аўтаручкі для пастаноўкі подпісу аб атрыманні бюлетэня ў спісе грамадзян, якія маюць права ўдзельнічаць у выбарах, а таксама для запаўнення бюлетэня.
Рэкамендацыі пад час галасавання на ўчастку і на даму
Пасля завяршэння галасавання рэкамендуецца апрацаваць звонку скрыню для галасавання дэзінфікуючым сродкам, а пры арганізацыі галасавання па месцы знаходжання выбаршчыка - апрацоўваць скрыню для галасавання пасля наведвання кожнага выбаршчыка.
Галасаванне па месцы знаходжання выбаршчыка па магчымасці праводзіць без уваходу ў жылое памяшканне і з захаваннем прынцыпу сацыяльнага дыстанцыявання.
А што чакае назіральнікаў?
Найбольшую цікавасць выклікае пункт 3 прыведзеных Рэкамендацый. Ён тычыцца сацыяльнага дыстанцыянавання сябраў участковых камісій, назіральнікаў і прадстаўнікоў СМІ.
"Забяспечыць захаванне прынцыпу сацыяльнага дыстанцыявання пры расстаноўцы сталоў і крэслаў членаў участковай камісіі, месцаў для назіральнікаў, паміж выбаршчыкамі, забяспечыўшы адлегласць не менш 1 метра адзін ад аднаго."
Практыка паказвае, што сярэдняя колькасць сябраў выбарчых камісій складае 15 чалавек, а згодна з артыкулам 34 Выбарчага кодэксу у складзе участковай выбарчай камісіі можа быць ад 5 да 15 сябраў. Калі ўлічыць прысутнасць на кожным участку некалькіх назіральнікаў, прадстаўнікоў СМІ – то месца на ўчастку застаецца не так і шмат, каб рассадзіць усіх на адлегласці не меней за метр адзін ад аднаго.
У такой сітуацыі існуе верагоднасць, што не ўсім назіральнікам хопіць сацыяльна дыстанцыянаванага месца.
Нагадаем, што яшчэ да абвяшчэння выбараў прадстаўнікі кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" прапанавалі зацікаўленым органам заканадаўчай і выканаўчай улады Беларусі распрацаваць і прыняць комплекс заканадаўчых і арганізацыйных мер, якія б забяспечылі бяспечнае ажыццяўленне ўсіх без выключэння выбарчых правоў грамадзян без іх непрапарцыйнага абмежавання ва ўмовах пандэміі. Аднак Цэнтрвыбаркам не прыслухаўся да прапаноў праваабаронцаў па правядзенні выбараў ва ўмовах пандэміі.
![]()
Выбары ва ўмовах пандэміі: Важныя прапановы праваабаронцаў