У ААН сочаць за сітуацыяй у Беларусі і заклікаюць улады краіны да стрыманасці
Як піша TUT.BY, прадстаўнік Генеральнага сакратара ААН Стэфан Дзюжарык пракаментаваў падзеі ў Беларусі, звязаныя з прэзідэнцкімі выбарамі. Пра гэта ён выказаўся на брыфінгу для прадстаўнікоў СМІ.
Адказваючы на пытанне аб бачанні з боку генеральнага сакратара ААН сітуацыі з нядопускам двух кандыдатаў і масавых пратэстаў у Беларусі, якія адбыліся ўслед за гэтым, а таксама неабходнасці правядзення там свабодных і сумленных прэзідэнцкіх выбараў, Стэфан Дзюжарык заявіў аб пільнай увазе кіраўніцтва арганізацыі да цяперашняй перадвыбарнай кампаніі і неабходнасці захавання ўладамі правоў грамадзянаў на мірныя сходы.
— Свабодныя і сумленныя выбары павінны быць усюды. Мы, зразумела, назіралі за тым, што адбываецца ў Беларусі, у асаблівасці за дэманстрацыямі, якія праходзілі, за ўсім перыядам падрыхтоўкі да выбараў. У Беларусі ці дзе б там ні было яшчэ, як мы казалі, у людзей ёсць фундаментальныя правы ўдзельнічаць у мірных дэманстрацыях і адстойваць вяршэнства закона. Так што мы працягнем сачыць за сітуацыяй, але я думаю, што важна, каб людзі маглі самавыяўляцца мірна, а ўлады дэманстравалі стрыманасць і гарантавалі гэта іх права, — заявіў прадстаўнік ААН.
Нагадаем, днём 15 ліпеня да ЦВК выстраіліся чэргі жадаючых падаць скаргу на адмову ў рэгістрацыі двух прэтэндэнтаў на прэзідэнцкую пасаду. У ЦВК паведамілі, што працуюць да 19 гадзін, і папрасілі адпраўляць скаргі па пошце. Незадоўга да закрыцця ЦВК міліцыя пачала папярэджваць грамадзян, каб яны разыходзіліся. Пасля 19 гадзін пачаліся затрыманні.
А 14 ліпеня на вуліцы многіх у Беларусі гарадоў выйшлі людзі, незадаволеныя вынікамі рэгістрацыі кандыдатаў у прэзідэнты. З сямі прэтэндэнтаў ЦВК зарэгістраваў толькі пецярых. Віктар Бабарыка і Валерый Цапкала пасведчанні кандыдатаў не атрымалі. Паводле звестак праваабаронцаў "Вясны" толькі ў Мінску было затрымана больш за 250 чалавек.