"Выбарчая кампанія суправаджаецца беспрэцэдэнтным гвалтам" - высновы назіральнікаў
Прадстаўнікі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» правялі 15 ліпеня прэсавую канфэрэнцыю ў анлайн-фармаце, прысвечаную першым этапам назірання за выбарамі Прэзідэнта Беларусі.
Аналітыкі кампаніі за час ад дня абвяшчэння выбараў 8 траўня актыўна назіралі за этапамі рэгістрацыі ініцыятыўных груп па вылучэнні кандыдатаў у Прэзідэнты, зборам подпісаў за іх, фарміраваннем тэрытарыяльных і ўчастковых выбарчых камісій.
Каардынатар кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары”, які прадстаўляе Праваабарончы цэнтра “Вясна” Уладзімір Лабковіч акрэсліў асноўныя рысы электаральнай кампаніі 2020 года і адрозненні яе ад папярэдніх.
“Гэтая кампанія суправаджаецца беспрэцэдэнтным гвалтам, які раней мы ніколі не бачылі. У нас так прынята, што выбарчая кампанія звязана са з’яўленнем тых ці іншых новых палітычных вязняў. Так было заўсёды, у кожную выбарчую кампанію. І кампанія 2001 года, і 2006 года, і 2010 года, акрамя 2015 года, усе кампаніі суправаджаліся рэпрэсіямі з боку ўлады да актыўных удзельнікаў, у тым ліку да кандыдатаў. Але ніколі гэта не было праявай ужо з першых этапаў выбарчай кампаніі. Зараз, на жаль, мы маем гэта фактычна з моманту прыняцця Палатай Прадстаўнікоў рашэння аб прызначэнні выбараў. Першыя адміністрацыйныя затрыманні адбыліся ў Мінску і іншых гарадах Беларусі ўжо 8 траўня, з першага дня абвяшчэння выбараў.
На дадзены момант мы маем 25 палітвязняў, большасць з якіх зязаная з удзелам у выбарчай кампаніі. Гэта, на жаль, і прэтэндэнты ў кандыдаты, і кіраўнікі і сябры ініцыятыўных груп, і блогеры. З самага пачатку выбарчая кампанія суправаджалася актыўнымі каментарамі аднаго з асноўных прэтэндэнтаў у кандыдаты - Аляксандра Лукашэнкі, які непасрэдна даваў указанні адносна сілавых рэакцый у дачыненні да тых ці іншых прэтэндэнтаў. Ён і не хаваў, што асабіста аддаў загад аб затрыманні Сяргея Ціханоўскага і Віктара Бабарыкі”, — кажа праваабаронца.
Уладзімір Лабковіч канстатуе, што ў падобных умовах правядзенне празрыстых і свабодных выбараў не ўяўляецца магчымым. Асабліва з улікам фарміравання тэрытарыяльных выбарчых камісій, якія складаюцца з прадстаўнікоў праўладных партый і арганізацый. Так, колькасць апазіцыйных прадстаўнікоў зменшылася ў іх складзе на 15 разоў, у параўнанні з папярэднімі выбарчымі кампаніямі. Падобная сітуацыя і ў ўчастковых камісіях, куды практычна прызначалі прадстаўнікоў аднаго прадпрыемства альбо арганізацыі. Усё гэта прыкрывалася пандэміяй каранавірусу і немагчымасцю праводзіць адкрытыя пасяджэнні з удзелам усіх жадаючых прадстаўнікоў.
"Выбарчая кампанія захавала ўсе тыя працэдурныя хваробы, якія існавалі раней. Мы маем дыскрымінацыйны падыход у дачыненні да апанентаў улады і гэта, на жаль, накладаецца на агульны фон гвалту, які адбываецца ў дачыненні да ўдзельнікаў мірных акцый пратэсту", - падвёў рысу праваабаронца.
Аналітычная справаздача па выніках назірання за вылучэннем і рэгістрацыяй кандыдатаў у Прэзідэнты
Па выніках назірання былі падрыхтаваныя і апублікаваныя 10 аналітычных справаздач, прынятыя некалькі супольных праваабарончых заяў з патрабаваннямі да ўладаў спыніць ціск і запалохванне людзей у сувязі з іх удзелам у выбарчай кампаніі. Таксама ад імя ўдзельнікаў кампаніі былі падрыхтаваныя некалькі важных зваротаў да Цэнтральнай выбарчай камісіі з прапановамі, якія тычыліся правядзення прэзідэнцкіх выбараў ва ўмовах эпідэміі COVID-19, павышэння празрыстасці выбарчага працэсу і парадку выручэння ва ўчастковыя камісіі, створаныя пры беларускіх амбасадах за мяжой.
Каардынатар кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” ад РПГА "Беларускі Хельсінкскі Камітэт Алег Гулак спыніўся на іншых адметнасцях выбарчай кампаніі 2020 года:
"Дата выбараў прызначана амаль на месяц раней, чым чакалася. І пасля абвяшчэння выбараў на этап рэгістрацыі ініцыятыўных груп у патэнцыйных кандыдатаў, у зацікаўленых асобаў, было толькі 7 дзён, раней, напрыклад, гэта было 17 дзён у 2015 годзе, у 2010 годзе – 10 дзён".
Таксама Алег Гулак адзначыў, што за 2 дні да прызначэння даты выбараў быў адміністрацыйна арыштаваны адзін з патэнцыйных кандыдатаў – папулярны блогер Сяргей Ціханоўскі. Ён быў пазбаўлены магчымасці падаць дакументы на рэгістрацыю сваё ініцыятыўнай групы. Раней такіх момантаў пад час выбараў не адбывалася.
“Мінулыя выбары адбываліся на больш ліберальным фоне" – адзначыў Алег Гулак.
Поўная відэаверсія прэс-канферэнцыі, на якой прадстаўнікі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» далі сваю ацэнку першым этапам выбарчай кампаніі, даступная на фэйсбук-старонцы “Праваабаронцы назіраюць за выбарамі”.