БАЖ прэзентаваў вынікі першага этапу маніторынгу асвятлення выбараў у СМІ
Прэзентацыя маніторынгу адбывалася ў анлайн-рэжыме, праводзілі прэзентацыю аналітык ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” Алесь Анціпенка і намеснік старшыні арганізацыі Барыс Гарэцкі.
Маніторынг асвятлення прэзідэнцкай кампаніі 2020 года ў беларускіх медыя падсумоўвае вынікі, атрыманыя цягам месяца ў перыяд з 25 траўня па 4 ліпеня 2020 года.
З поўным аналізам, графікамі і ілюбстрацыямі можна азнаёміцца на сайце ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”.
Прапануем кароткае падсумаванне вынікаў
- Ахоплены маніторынгам перыяд адрозніваўся высокай актыўнасцю выбаршчыкаў, пра што сведчыць вялікая колькасць подпісаў, сабраных за вылучэнне некаторых апанентаў дзеючага Прэзідэнта.
- Збор подпісаў суправаджаўся, аднак, шматлікімі затрыманнямі і арыштамі сябраў ініцыятыўных груп, грамадскіх актывістаў і апазіцыйных палітыкаў. Нарэшце, быў арыштаваны і самы папулярны прэтэндэнт на пасаду Прэзідэнта Віктар Бабарыка, а таксама яго сын Эдуард — кіраўнік ініцыятыўнай групы. Крымінальная справа была заведзеная і ў дачыненні яшчэ аднаго прэтэндэнта Валерыя Цапкалы. У дзяржаўных і недзяржаўных медыя гэтыя экстраардынарныя падзеі сталіся прадметам котраверсійных інтэрпрэтацый і ацэнак.
- Нягледзячы на вялікую цікавасць грамадства да сёлетняй кампаніі дзяржаўныя медыя падавалі выбарчую тэматыку ў “запакаваным выглядзе”, то бок спецыяльна не акцэнтуючы на ёй ўвагі. Да прыкладу, навінавыя праграмы беларускага ТБ і радыё практычна ніколі не анансавалі сюжэты, датычныя выбарчай тэматыкі. А калі пра выбары і ішла гаворка, то найчасцей — у кантэксце выказванняў дзеючага Прэзідэнта альбо ўскосна.
- Паводле эфірнага часу, які навінавыя праграмы дзяржаўнага тэлебачання і радыё адводзілі кампаніі і яе ўдзельнікам, тэма выбараў не была прыярытэтная. Самымі топавымі і працяглымі былі сюжэты, звязаныя з паездкамі дзеючага Прэзідэнта па краіне, яго сустрэчы з працаўнікамі прадпрыемстваў і прадстаўнікамі сілавых структур, выступы перад рэгіянальнымі адміністрацыямі і г. д.
- У асвятленні кампаніі дзяржаўнымі медыя дамінавала некалькі выразных пасылаў: апаненты дзеючага Прэзідэнта — дэструктыўная сіла; у краіне ідзе добра арганізаваная кампанія па дыскрэдытацыі ўлады з мэтай “разгайдаць грамадства”; Беларусь апынулася перад пагрозай падзелу і страты дзяржаўнага суверэнітэту.
- Даволі частымі былі канспіралагічныя алюзіі. Апаненты рэжыму трактаваліся як змоўшчыкі і марыянеткі, дзеяннямі якіх кіруюць “лялькаводы” з Усходу і Захаду праз папулярныя ў краіне блогі і стрымы Радыё “Свабода”.
- Некаторых прэтэндэнтаў на пасаду Прэзідэнта тыя ж медыя партрэтавалі ў негатыўным святле з выкарыстаннем абразлівых выразаў.
- А выбаршчыкаў застрашвалі замежным умяшальніцтвам, стратай суверэнітэту і падзелам краіны.
- Калі папярэднія выбары (якія звычайна характарызавалі як “ціхія”) недзяржаўныя медыя асвятлялі ў мінімалісцкім ключы, то цяпер іхняя ўвага заўважна ўзрасла.
- Што да характару асвятлення, то, параўнальна з дзяржаўнымі СМІ, ён розніцца. Недзяржаўныя медыя асвятлялі кампанію як у інфармацыйным, так і аналітычным ключы, канцэнтруючы ўвагу на непасрэдных яе ўдзельніках: дзеючым Прэзідэнце, яго апанентах і актыўнасці выбаршчыкаў.
Інфаграфіка, датычная маніторынгу:
Прэзентацыя другога этапу маніторынгу асвятлення выбараў у СМІ плануецца правесці пасля рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты, якая адбудзецца 14 ліпеня.